З 21 па 24 верасня ў беларускай сталіцы праходзіць першы Мінскі міжнародны фестываль цыркавога мастацтва. Артысты прыехалі з 16 краін, уключаючы Аўстралію, Узбекістан, Паўночную Карэю, В'етнам, Эфіопію і Егіпет. У рэпертуары — выступленні гімнастаў, клоунаў, нумары з дзікімі жывёламі.
У першы дзень выступленняў авацыі публікі Белдзяржцырка, у тым ліку і журы, сарваў эквілібрыст з Паўночнай Карэі, які з дапамогай стэкаў (невялікіх палак) забраўся практычна пад купал і, стоячы на руках, утрымліваў раўнавагу.
Дзецям асабліва спадабалася шоу са львамі і тыграм: артыст з Егіпта прапаноўваў жывёлам станцаваць, пацалаваць яго, а ў фінале выканаў трук з галавой у пашчы драпежніка.