МІНСК, 25 вер — Sputnik. Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры 4 кастрычніка ладзіць прэзентацыю новых экспанатаў, паведамілі Sputnik у прэс-службе Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі.
Фонды музея папоўніліся масонскімі фартухам, стужкай, шалікам, пальчаткамі, якія былі перададзены музею Паўлам Самусевым.
"Не выпадкова прэзентацыя прадметаў адбудзецца ў будынку музея па Музычным завулку, 5 за якім замацавалася назва "Дом масонаў". Праўда, сучасныя даследчыкі не выявілі дакументаў, якія б падцвярджалі, што менавіта тут адбываліся паседжанні ложы. У Мінску з 1816 па 1822 г. існавала масонская ложа "Паўночны факел", — распавялі ў музеі.
Многія выбітныя сусветна вядомыя дзеячы-масоны ў розныя часы наведвалі "Дом масонаў" — Станіслаў Манюшка, Чэслаў Манюшка, Томаш Зан, Валенцій Ваньковіч і інш.
"Наведвальнікі змогуць даведацца ў музеі пад час прэзентацыі пра гісторыю развіцця беларускага масонства ў ХІХ — ХХ стст., убачыць падараваныя прадметы, а таксама паслухаць Паўла Самусева аб гісторыі іх прыналежнасці", — рэзюмавалі арганізатары.