МІНСК, 26 вер — Sputnik. Размешчаны ў Санкт-Пецярбургу Эрмітаж заняў пятае месца ў спісе лепшых музеяў свету па версіі TripAdvisor, аб гэтым паведамляецца на сайце турыстычнага сэрвісу.
"Усе сусветныя прыгажосці ў адным музеі. Гэта дазваляе вашаму розуму падарожнічаць па ўсіх месцах і эрах, якія вы заўсёды хацелі наведаць", — так апісваюцца якасці Эрмітажа на турыстычным сайце.
Лепшым у свеце быў прызнаны нью-ёркскі Метраполітан-музей. Ён быў створаны ў 1870 годзе. На другім радку рэйтынгу з 25 пазіцый знаходзіцца Нацыянальны музей Другой сусветнай вайны ў Новым Арлеане (штат Луізіяна, ЗША). Замыкае тройку парыжскі музей д'Арсэ. Чацвёртае месца займае Чыкагскі інстытут мастацтваў.
Пры складанні рэйтынгаў TripAdvisor улічваюцца колькасць і якасць водгукаў турыстаў аб славутасцях, пакінутых імі на сайце сэрвісу.
У верасні 2016 года лідарам аналагічнага пераліку таксама стаў Метраполітан-музей. Эрмітаж тады апынуўся на трэцім радку рэйтынгу.