МІНСК, 26 вер — Sputnik. Бойка з'яўляецца неад'емнай часткай хакея, але масавыя бойкі ў дзіцячым хакеі недапушчальныя, заявіў намеснік старшыні Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь (ФХРБ) Дзмітрый Баскаў.
У пачатку верасня на юніёрскім турніры ў Маладзечне адбыўся інцыдэнт: гульцы мясцовай каманды "Дынама" пабіліся з гасцямі — хакеістамі з наваполацкага "Хіміка". Бойка адбылася ў трэцім перыядзе пасля таго, як клуб з Наваполацка прапусціў дзясятую шайбу. У сацыяльных сетках адзначылі, што трэнеры не ўмеюць выхоўваць дзяцей, а менавіта — не вучаць годна ставіцца да паразы.
"Бойка — гэта неад'емная частка хакея, але не дзіцячага. Так, гэта мужчынскі від спорту, і наша прырода такая, што бойкі перыядычна здараюцца. У юніёрскіх лігах Паўночнай Амерыкі — гэта элемент шоу, бойкі там адбываюцца дастаткова часта. Але трэба разумець розніцу паміж сумленным боем і масавым пабоішчам, калі сілы не роўныя альбо хто-небудзь з хлопцаў, не дай Бог, зваліўся на лёд — бойку варта неадкладна спыніць, бо высокая верагоднасць атрымання траўмаў, у тым ліку, несумяшчальных з жыццём", — прыводзіць словы Баскава прэс-служба ФХРБ.
Паводле яго слоў, тое, што адбываецца на лёдзе, знаходзіцца ў кампетэнцыі трэнераў і павінна заставацца пад іх кантролем. Калі настаўнік не можа кіраваць камандай, удакладніў Баскаў, гэта наводзіць на думкі аб недастатковым узроўні прафесіяналізму такіх трэнераў.
"Паўтаруся, масавыя бойкі ў дзіцячым хакеі недапушчальныя. Зараз федэрацыяй хакея выпрацоўваецца дысцыплінарны рэгламент для дзіцячых спаборніцтваў, які прадугледжвае дастаткова жорсткія пакаранні за бойкі, у першую чаргу, для трэнераў", — сказаў на заканчэнне намеснік старшыні ФХРБ.