МІНСК, 27 вер — Sputnik. Фестываль малдаўскага віна пройдзе ў суботу 30 верасня на пляцоўцы каля Верхняга горада ў Мінску, паведамілі ў Мінгарвыканкаме.
Усё лета ў цэнтры беларускай сталіцы праходзілі фестывалі нацыянальных культур: літоўскай, шведскай, грузінскай, габрэйскай і іншых. Фінальным акордам стане свята малдаўскага віна 30 верасня.
На пляцоўцы ля ратушы ў суботу абяцаюць стварыць атмасферу малдаўскай вёскі, дзе будуць частаваць нацыянальнымі стравамі і дэгуставаць гатункі малдаўскіх вінаў. Прадставяць тут дзесяць вінаробных кампаній Малдовы.
Урачыста фестываль адкрыецца ў 13:00, аднак прыняць удзел у дэгустацыі нацыянальных напояў змогуць толькі дарослыя.
Акрамя віна абяцаюць арганізатары магчымасць пазнаёміцца з традыцыямі малдаван, развучыць нацыянальныя танцы, навучыцца выпякаць па нацыянальных рэцэптах пірагі і іншыя стравы. Абяцаюць на фэсце таксама малдаўскую паэзію, музыку і дыскатэку ўвечары.