МІНСК, 27 вер — Sputnik. Беларускі тэнісіст Максім Мірны атрымаў 750-ю перамогу ў парным разрадзе і стаў чацвёртым дзеючым спартсменам, якому скарылася гэтая планка, паведамляецца на афіцыйным сайце Міжнароднай асацыяцыі тэнісістаў (ATP).
Напярэдадні 40-гадовы беларус у пары з Філіпам Освальдам (Аўстрыя) выйшлі ў чвэрцьфінал турніру ў кітайскім Шэньчжэне. У 1/8 фіналу Мірны і Освальд былі мацнейшыя за гаспадароў спаборніцтваў Мао Сінь Гона і Цзе Чжана (7:6, 6:1).
Такім чынам, гэтая перамога стала 750-й на рахунку беларускага тэнісіста ў парным разрадзе ў ATP-туры. Мірны стаў чацвёртым дзеючым гульцом, які пераадолеў гэтую адзнаку (з красавіка 1968 года).
"Я вельмі рады, што дабраўся да гэтага этапу маёй кар'еры. У пачатку шляху я і ўявіць не мог, што гэта адбудзецца", — пракаментаваў сваё дасягненне Мірны.
Беларус, які стаў прафесійным тэнісістам 22 гады таму, адзначыў, што яго мара выступаць у ATP-туры да гэтага часу спраўджваецца.
"Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць сваёй сям'і, трэнерам і ўсім маім партнёрам, якія дапамаглі мне дамагчыся гэтага!" — дадаў Мірны.
За сваю кар'еру беларускі тэнісіст заваяваў 49 тытулаў у парным разрадзе, у тым ліку 16 тытулаў на турнірах серыі Masters і шэсць тытулаў Вялікага шлема, з 18 рознымі партнёрамі.