МІНСК, 27 вер — Sputnik. У Альманах 1 кастрычніка адбудзецца раённае свята, прысвечанае культуры збору журавінаў, паведамілі Sputnik у Столінскім райвыканкаме.
"Свята праходзіць раз у два гады. У гэтым годзе яно стане чацвёртым па ліку", — адзначылі арганізатары.
Кірмаш-дэгустацыя "Журавінавы дэсерт", выстава "За журавінамі ўсёй сям'ёй", майстар-класы па ваджэнні на трактары і мотаблоку, розыгрыш латарэі "Балотныя дары", выстава-продаж лячэбных раслін, адвараў і настоек "Зялёная аптэка", фотаработы "Жыццё на "Альманскіх балотах", творчая пляцоўка "Журавінавая паэтыка", дзіцячая гульнявая пляцоўка, спартландыя, майстар-класы, выступленне творчых калектываў і многае іншае падрыхтавалі арганізатары да свята ў гонар журавін.
Таксама адбудзецца ўрачыстае ўзнагароджанне лепшых збіральнікаў і нарыхтоўшчыкаў журавін, лепшых работнікаў лясной гаспадаркі, за лепшыя "Журавінавы палянкі", пераможцаў у святочных конкурсах у Альманах.
Свята распачнецца ў Альманах а 12 гадзіне на традыцыйнай пляцоўцы каля Дома культуры.