ГОМЕЛЬ, 27 вер — Sputnik. Гарадское возера Любенскае на гэтым тыдні стане цэнтрам беларускага спартыўнага рыбалоўства. Першага кастрычніка тут пройдзе адкрыты чэмпіянат па ўзбярэжнаму спінінгу.
Бераг возера разаб'юць на тры сектары, хто ў якім будзе лавіць, вызначыць лёсаванне. Па свістку ўдзельнікі чэмпіянату будуць пераходзіць з аднаго сектара ў іншы.
Да ўдзелу дапускаюцца рыбакі любога ўзросту, уключаючы дзяцей. Кожнаму пры сабе неабходна мець спінінг і вядро аб'ёмам не менш за 10 літраў. Лавіць дазваляецца шчупака, акуня, жэраха, судака, сома і галаўня, іншыя віды рыб у залік не пойдуць.
Больш падрабязная інфармацыя аб правілах спаборніцтваў будзе апублікаваная ў групе "УКантакце" "Гомельскі рыбачЕк BY! 29 верасня". Пакуль жа ідзе рэгістрацыя ўдзельнікаў.
"Цікавасць да чэмпіянату ўжо праявілі 17 чалавек, сярод якіх ёсць мінчане. Каб барацьба была чыстай, за парадкам будзе сачыць цэлая каманда суддзяў", — распавёў адзін з арганізатараў чэмпіянату Валерый Раемскі.
Пасля падвядзення вынікаў рыбу вернуць у возера, а пераможцу ўручаць надзіманую вяслярную лодку.