МІНСК, 28 вер — Sputnik. Беларускі футбаліст Аляксандр Глеб, які раней выступаў за лонданскі "Арсенал", сустрэўся з галоўным трэнерам "кананіраў" і падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы, паведамляе Sputnik.
Напярэдадні ў беларускую сталіцу для ўдзелу ў матчы другога тура групавога раўнду Лігі Еўропы прыбылі футбалісты аднаго з самых папулярных клубаў свету — "Арсенала". У чацвер на "Барысаў-Арэне" "кананіры" будуць змагацца з БАТЭ.
"Было выдатна зноў сустрэцца з вялікім трэнерам! Як быццам і не сыходзіў з "Арсенала", — напісаў Глеб на сваёй старонцы ў Instagram.
Настаўнік "Арсенала" Арсэн Венгер на перадматчавай прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў, што Глеб здзейсніў памылку, калі перайшоў у іспанскую "Барселону" (беларус змяніў клубную прапіску ў 2008 годзе, у складзе лонданскай каманды ён выступаў на працягу трох сезонаў).
Глеб хацеў выйсці на поле ў складзе БАТЭ ў матчы супраць "Арсенала" — ён нават гатовы быў заключыць кантракт на бязвыплатнай аснове. Але кіраўніцтва "жоўта-сініх" адмовіла паўабаронцу. І Глеб заявіў, што не пойдзе на стадыён і будзе глядзець гульню па тэлевізары.
Матч БАТЭ — "Арсенал" адбудзецца 28 верасня на "Барысаў-Арэне". Старт матчу ў 20:00. У прамым эфіры гульню пакажа тэлеканал "Беларусь 2". Sputnik будзе весці тэкставы анлайн паядынку.