МІНСК, 28 вер — Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызначыў рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэя Караля, які раней узначальваў ГрДУ.
Кадравыя перастаноўкі кіраўнік дзяржавы зрабіў у чацвер. Апроч іншага, змяніў Лукашэнка і рэктара галоўнага ўніверсітэта краіны.
Новым рэктарам Белдзяржуніверсітэта прызначаны 44-гадовы Андрэй Кароль — доктар педагагічных навук, які апошнія чатыры гады ўзначальваў Гродзенскі ўніверсітэт.
Такім чынам, Кароль стаў адным з самых маладых рэктараў у гісторыі БДУ: у больш маладым узросце на гэтую пасаду прызначаўся толькі Аляксандр Казулін.
На пасадзе кіраўніка найбуйнейшай ВНУ краіны Кароль змяніў 61-гадовага акадэміка Сяргея Абламейку, доктара тэхнічных навук, матэматыка, спецыяліста па касмічных і інфармацыйных тэхналогіях.
Менавіта пры Абламейке БДУ трапіў у дзесяткі міжнародных рэйтынгаў універсітэтаў і абагнаў па многіх паказчыках вядучыя ўніверсітэты Расіі, Украіны, Польшчы і Літвы. Сёння Белдзяржуніверсітэт уваходзіць у спіс з пяцісот лепшых універсітэтаў свету.
Узначальваў вядучую ВНУ краіны акадэмік з восені 2008 года, на гэтай пасадзе ён змяніў у свой час Васіля Стражава.