МІНСК, 29 вер — Sputnik. Вядомы беларускі кампазітар і выкладчык Дзмітрый Смольскі памёр на 81-м годзе жыцця.
Дзмітрый Смольскі — аўтар вядомых опер "Сівая легенда" і "Францыск Скарына", а таксама араторыі "Мая Радзіма" і прысвечанага Янку Купалу твора "Паэт".
Кампазітар памёр на 81-м годзе жыцця. Абставіны і месца смерці Смольскага пакуль не вядомыя. Не абвясцілі пакуль і аб магчымых даце і часе развітання — верагодней за ўсё, зоймецца арганізацыяй Саюз кампазітараў.
Акрамя заслуг на музычнай ніве, Смольскі быў выкладчыкам — ён на працягу больш чым пяці дзясяткаў гадоў вёў клас кампазіцыі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (БДАМ), адкуль сышоў толькі ў 2014 годзе.
Смольскі з'яўляецца лаўрэатам шматлікіх узнагарод і прэмій: Дзяржпрэміі БССР, Ордэна Францішка Скарыны, Спецыяльнай прэміі прэзідэнта і дзесяткаў іншых. 30 гадоў таму Смольскі атрымаў званне Народнага артыста.
Творы Смольскага да гэтага часу ставяцца — напрыклад, яго оперы можна глядзець у Вялікім тэатры Беларусі.