МІНСК, 3 кас — Sputnik. Віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка застаўся задаволены вынікамі развіцця беларускіх прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці.
У аўторак у Мінску адкрылася міжнародная выстава-кірмаш па аптовым продажы тавараў лёгкай і тэкстыльнай прамысловасці BelTexIndustry 2017.
"Я ўбачыў тое, што чакаў. А ўсё таму, што ў апошнія гады мы ўклалі вельмі шмат грошай у прадпрыемствы лёгкай прамысловасці — недзе 870 мільёнаў долараў, амаль штогод па 100 мільёнаў долараў. Цяпер вы бачыце, што гэта абсалютна канкурэнтаздольная прадукцыя, не сорамна апрануць сваіх дзяцей, апрануцца самім, некаму параіць", — сказаў Сямашка журналістам пасля таго, як азнаёміўся з экспазіцыяй.
Ён падкрэсліў, што дзяржава павінна і далей аказваць падтрымку прадпрыемствам галіны. "Чалавеку трэба быць сытым і апранутым", — сказаў Сямашка.
Віцэ-прэм'ер адзначыў, што ўжо цалкам завершана мадэрнізацыя Баранавіцкага ВБА, а таксама ААТ "Камволь" у Мінску. Гэтыя прадпрыемствы, са слоў Сямашкі, раней было стратным, цяпер жа яны выйшлі на прыбытковую працу.
Аналагічная сітуацыя і па фабрыцы №3 Аршанскага льнокамбіната, дзе таксама завяршаецца тэхнічнае абнаўленне прадпрыемства.
Сямашка адзначыў, што ідзе і тэхнічнае пераўзбраенне беларускай гарбарнай галіны, і дадаў, што завяршае мадэрнізацыю і холдынг "Марка".
"Усё тое, што вырабляецца ў Беларусі, — і норка, пясец, і аўчына — павінна перапрацоўвацца ў нас. Мы не павінны за бесцань прадаваць сыравіну. Усе футравыя аздабленні — усё павінна рабіцца ў нас", — адзначыў віцэ-прэм'ер.
Ён таксама распавёў, што падрыхтаваны праект указа яшчэ па аднаму буйному абутковаму прадпрыемству — СТАА "Белвест".