МІНСК, 5 кас — Sputnik. Дванаццаты Міжнародны фестываль арганнай музыкі "Званы Сафіі" стартуе ў Полацку. Cёлета пачатак фестывалю намечаны на 29 кастрычніка.
У гэтым годзе палачане і госці горада цэлы месяц змогуць слухаць арганістаў з Германіі, Абхазіі, Нідэрландаў, Швецыі, Польшчы, а таксама беларускіх музыкаў. У межах "Званоў Сафіі" запланавана шэсць канцэртаў.
У дзень адкрыцця фестывалю ў канцэртнай зале Сафійскага сабора выступяць салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра і камерны аркестр "Еўропа-Цэнтр".
Завершыцца фестываль 3 снежня выступам музычнай капэлы "Санорус".
Кошт квіткоў на ўсе шэсць канцэртаў, якія пройдуць у Сафійскім саборы, — 12 рублёў.
"Званы Сафіі" — міжнародны фестываль арганнай музыкі, які праходзіць штогод у Полацку. Арганізатары форуму — Аддзел культуры Полацкага гарвыканкама і знакамітая полацкая арганістка Ксенія Пагарэлая. Фестываль праводзіцца штогод, пачынаючы з 1996 года.