МІНСК, 6 кас — Sputnik. Нацыянальная зборная Беларусі паспрабуе ў кваліфікацыйным матчы Чэмпіянату свету па футболе-2018 супраць зборнай Нідэрландаў набраць ачкі, заявіў галоўны трэнер каманды Ігар Крывушэнка.
У суботу, 7 кастрычніка, на "Барысаў-Арэне" зборная Беларусі пазмагаецца з камандай Галандыі ў межах кваліфікацыі Чэмпіянату свету па футболе, які адбудзецца ў будучым годзе ў Расіі. Пачатак матчу ў 21:45 (па мінскім часе).
"Каманда рыхтуецца, каманда разумее, што патрэбен добры вынік. Што значыць добры вынік? Набраныя ачкі", — сказаў Крывушэнка ў пятніцу на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
У сваю чаргу, абаронца зборнай Сяргей Паліцевіч падкрэсліў, што і адно набранае ачко будзе станоўчым вынікам для каманды.
Настаўнік зборнай адзначыў, што цяпер у камандзе засяроджаная рабочая атмасфера: гульцы разумеюць, што трэба будзе сур'ёзная гульня, і лёгкай яна не будзе.
Крывушэнка распавёў, што пасля хатняй паразы ад зборнай Швецыі (0:4) была праведзена работа над памылкамі. Са слоў спецыяліста, футбалісты ў плане каманднай тактыкі зрабілі крок наперад. "У плане псіхалогіі? Для гэтага патрэбныя ўдалыя матчы. Любую псіхалогію трэба ўмацоўваць. Спадзяюся, што ўсе футбалісты ў гэтым плане моцныя людзі. З паразы галоўнае рабіць правільную выснову, рухацца наперад у наступным матчы, старацца рэабілітавацца", — сказаў Крывушэнка, звярнуўшы ўвагу, што каманда рухаецца ў правільным кірунку.
Камандзе Крывушэнка трэба будзе правесці яшчэ адзін паядынак у межах адборачнага турніру ЧС-2018: 10 кастрычніка беларусы сустрэнуцца з французскай зборнай.
Гэтыя два матчы для беларускай каманды не маюць ніякага турнірнага значэння. У гэтым адборачным цыкле зборная атрымала толькі адну перамогу (над Болгарыяй — 2:1), дзве гульні завяршыла з нічыйным вынікам (з французамі — 0:0 і люксембуржцамі — 1:1) і прайграла пяць. У групе А беларусы займаюць апошняе месца (5 ачкоў).
Становішча каманд у групе А:
- Францыя — 17 ачкоў
- Швецыя — 16
- Нідэрланды — 13
- Балгарыя — 12
- Люксембург — 5
- Беларусь — 5