Начальнік Брэсцкага філіяла дзяржаўнага прадпрыемства "Белаэранавігацыя" Вадзім Губарэвіч распавёў карэспандэнту Sputnik аб рэканструкцыі узлётна-пасадачнай паласы, бліжэйшыя перспектывы развіцця аэрапорта і пра верагоднасць удзелу Брэста ў праграме бязвізавага рэжыму.
Планавы капітальны рамонт узлётна-пасадачнай паласы пачаўся ў сярэдзіне ліпеня. У жніўні брэсцкі аэрапорт наведаў Аляксандр Лукашэнка. Звяртаючыся да губернатара Брэстчыны Анатоля Ліса, ён запатрабаваў прывесці аэрапорт у парадак.
Апошні рамонт тут праводзіўся больш за 30 гадоў таму. Тады ж быў пабудаваны будынак аэравакзала, яки зараз уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. З 1999 года аэрапорту прысвоены статус міжнароднага.
У два разы больш трывалая
На дадзены момант рэйсы па раскладзе з Брэста не выконваюцца. 22 верасня скончылася праграма летняга адпачынку, а з канца кастрычніка плануецца пачаць зімовую — чартэрныя палёты ў Егіпет. Цяпер паслугамі аэрапорта карыстаюцца гульцы брэсцкіх гандбольнага і футбольнага клубаў для палётаў на матчы.
"Сёння ў сувязі з рамонтам мы абмежаваныя ў прыёме паветраных судоў — могуць лётаць суда толькі трэцяга класа і ніжэй. Даўжыня паласы, якую мы пакуль можам выкарыстоўваць для ўзлёту і пасадкі, — усяго 1400 метраў", — патлумачыў Вадзім Губарэвіч.
Пасля рамонту паласа вернецца да ранейшых 2600 метраў у даўжыню і 42 — у шырыню. Зменіцца яе трываласць, а таксама шырыня кішэні-пляцоўкі для развароту самалётаў.
Як распавёў начальнік аэрапорта, рэканструкцыя ўключае ў сябе зняцце старога асфальтабетоннага пакрыцця таўшчынёй 12 сантыметраў, рамонт бетонных армаваных пліт асновы і стварэння новага пакрыцця трыма пластамі асфальтабетону агульнай таўшчынёй 26 сантыметраў. Гэта ў два разы павялічыць трывальныя паказчыкі узлётна-пасадачнай паласы і дасць новыя магчымасці для загрузкі аэрадрома.
"Лінейка паветраных судоў, якія выкарыстоўваюцца "Белавія" і астатнімі сусветнымі авіякампаніямі, моцна змянілася, існуючыя характарыстыкі ўзлётна-пасадачнай паласы значна абмяжоўваюць магчымасць прыёму "вялікіх" далёкамагістральных "Аэробусаў" і "Боінгаў". Для таго каб прымаць найбольш шырокі дыяпазон сучасных паветраных судоў, неабходна павысіць яе трывальныя характарыстыкі. Даўжыня паласы пры гэтым не змяняецца. Яе цалкам дастаткова для прыёму асноўнай лінейкі судоў, акрамя вельмі вялікіх", — падзяліўся кіраўнік філіала.
Новая кішэня
Некаторыя буйныя і цяжкія самалёты раней увогуле не маглі садзіцца на паласу з-за неадпаведнасці тэхнічных параметраў судна і шчыльнасці і каэфіцыента пругкасці пакрыцця.
Тыя ж пытанні выклікала кішэня для развароту. Яе пашыраюць і таксама ўмацоўваюць. Так, яе шырыня будзе 75 метраў. Яна крыху змяніла форму — была паўкруглай, а па праектнаму рашэнню стала трапецападобнай.
"Некаторым паветраным судам патрэбен большы радыус развароту. У месцы кішэні ўзмацняюць аснову, выдаляюцца слабыя грунты, уладкоўваецца трывалая шчэбеневая аснова, затым пакрываецца пластамі бетону і асфальтабетону", — растлумачыў суразмоўца Sputnik.
Генеральным падрадчыкам па рэканструкцыі выступае дарожна-будаўнічы трэст №4 Брэста, непасрэдна работы вядзе яго філіял "Дарожна-будаўнічае ўпраўленне №15". Работнікі гэтай арганізацыі займаюцца падобным праектам у маскоўскім аэрапорце Дамадзедава.
Да пачатку зімовага сезону адпачынкаў плануецца давесці працоўную паверхню ўзлётна-пасадачнай паласы да 2350 метраў. Затым, у другую чаргу будаўніцтва, пачнецца рэканструкцыя перона і замена сігнальнага абсталявання.
Гатовыя да загрузкі
Як будуць выкарыстоўвацца новыя магчымасці аэрапорта, залежыць ад турфірмаў, авіякампаній, а таксама ад развіцця горада і вобласці. Аэрапортавы комплекс гатовы круглы год прымаць па 400 пасажыраў у гадзіну.
Праграма летняга сезону, па словах Вадзіма Губарэвіча, выканана на сто адсоткаў.
"Затрымак рэйсаў не было. У гэтым годзе мы лёталі ў Анталію, Бургас і Ціват. Рэйсы выконваліся з частатой раз у дзесяць дзён па ўсіх напрамках. На Турцыю была 99-працэнтная загрузка. На Балгарыю прыкладна 90-працэнтная загрузка. На Ціват — парадку 80 адсоткаў, ён у нас першы год. Калінінград лётаў два разы на тыдзень. У параўнанні з мінулым годам на яго загрузка была менш", — паведаміў начальнік Брэсцкага філіяла.
Бязвіз праз Брэст?
Кіраўніцтва аэрапорта рэгулярна падымае пытанне пра магчымасць бязвізавага ўезду на тэрыторыю Беларусі праз Брэст перад дзяржаўнымі органамі.
"Гэта дало б пэўныя плюсы — павялічыла б загрузку, зрабіла б больш прывабным рух турыстаў праз Брэст і палёты бізнес-авіяцыі. У нас побач свабодная эканамічная зона. Прадстаўнікам замежнага капіталу не трэба было б рабіць візы, ездзіць праз памежныя пераходы, на якіх трэба чакаць. Самалётам прыляцеў, вырашыў свае справы на працягу пары дзён і паляцеў", — падзяліўся меркаваннем Вадзім Губарэвіч.
Брэсцкі аэрапорт гатовы працаваць па праграме бязвізавага рэжыму, запэўнівае яго кіраўнік.
Цалкам рэканструкцыя узлётна-пасадачнай паласы завершыцца арыенціровачна да лета 2018 года.