Пра акалічнасці жыцця аднаго з родапачынальнікаў беларускай фатаграфіі карэспандэнту Sputnik Станіславу Андросіку распавяла куратар выставы Надзея Саўчанка.
Леў Дашкевіч нарадзіўся 12 лютага 1882 года ў Мінску. Дашкевічы прадстаўнікі старажытнага роду, якія вядуць свой радавод ад часоў Вялікага Княства Літоўскага з XV стагоддзя і займалі розныя пасады ў княстве. Яны належалі да гербу Ляліва, як і другі знакаміты род Тышкевічаў.
Куратар выставы распавяла, што Леў Дашкевіч спачатку вучыўся ў Мінскай мужчынская класічнай гімназіі, адкуль яго неўзабаве адлічылі. Бацькі з гэтай прычыны адправілі яго ў Віленскі інтэрнат-канвікт, але адтуль ён проста збег.
Пасля гэтага ён вучыўся дома з настаўнікам французскай мове, каб працягнуць адукацыю за мяжой. Леў Дашкевіч вучыўся медыцыне ў Варшаве, а потым скончыў філалагічны факультэт універсітэта ў Дзіжоне, а таксама графічныя курсы ў Парыжы, дзе праслухаў курс лекцый па фатаграфіі.
Надзея Саўчанка распавяла, што пад час вучобы ў яго быў раман з францужанкай Жэнэр і ў 1906 годзе ў пары нарадзіўся сын Люцыян, але шлюбам яны не пабраліся.
Шлях да дому
Пасля вяртання на радзіму яго накіравалі на працу на Каўказ. Калі па краіне прайшла хваля рэвалюцыйных падзей, ён вымушаны быў разам з сямё'й з'ехаць.
Амаль два гады спатрэбілася, каб вярнуцца ў Мінск.
Маршрут быў сапраўды шматпакутны. Спачатку Дашкевічы з сучаснай Гянжы ў Азербайджане выправіліся ў Баку, адтуль шлях ляжаў у Батумі, потым быў Стамбул і доўгае падарожжа на цягніку з Заграба праз усе Балканы да Варшавы.
Па словах унука Льва Дашкевіча, якога таксама завуць Леў, на Балканах назбіраўся цэлы цягнік бежанцаў і там было шмат дасведчаных людзей. На працягу ўсёй дарогі яны самастойна забяспечвалі палівам цягнік, рамантавалі яго і сумеснымі намаганнямі здолелі вярнуцца дадому.
Надзея Саўчанка распавяла, што цягнік у Варшаве стаяў два дні і Дашкевчі разам са сваёй сям'ёй мог там застацца, але ж вярнуўся ў родны Мінск. Лёс яго мог скласціся зусім інакш, і яго не закранулі б рэпрэсіі.
Леў Дашкевіч вярнуўся ў Мінск толькі ў маі 1920 года.
Фатограф і даследчык
"На радзіме працаваў адначасова і выкладчыкам, і фатагрофам, і ў Навукова-тэрміналагічнай камісіі. Леў Дашкевіч, працуючы ў гэтай камісіі, займаўся распрацоўкай тэрміналогіі па фізіцы. Пад час працы ён зрабіў фотапартрэты сваіх калег і нават Стэфаніі Станюты, але пакуль знойдзены толькі два — Купалы і Драздовіча", — адзначыла Надзея Саўчанка.
Альбом да 10-годдзя Савецкай Беларусі ўтрымлівае фотрапрацы трох майстроў — Уладзіміра Семенякі, Ісака Салавейчыка і Льва Дашкевіча. Нажаль ніводны з фотаздымкаў у альбоме не падпісаны.
Але, як распавяла куратар выставы, удалося ўстанавіць, якія фотаздымкі належаць Дашкевічу. Гэта атрымалася зрабіць дзякуючцы лістам Белдзяржвыдавецтва з запытам на дазвол фотамастаку Дашкевічу рабіць фотаздымкі на прадпрыемстве.
Самая вялікая серыя фотапрац Льва Дашкевіча адносіцца да этнаграфічнай экспедыцыі 1923 года з мэтай адлюстраваць побыт сялянаў. Гэтыя фотаздымкі сталі ілюстратыўным матэрыялам для выданняў па геаграфіі Еўропы (1924 год выдання) і Беларусі.
У 1923 годзе ў Маскве адбылася першая савецкая сельскагаспадарчая і прамысловая выстава — правобраз выставаў на ВДНГ. На той выставе быў зроблены і "Беларускі куток". У Маскве рэканструявалі беларускую хату па фотаздымку Льва Дашкевіча, які ён зрабіў у Барысаўскім павеце. "Беларускі куток" па выніках работы выставы атрымаў прэміі і ўзнагароды.
"Гэтыя фотаздымкі ў 1943 годзе былі вывезены нацыстамі ў Германію. Яны былі адабраны нямецкім мастацтвазнаўцам і захоўваліся ў замку ў Баварыі, і толькі ў 1947 годзе фотаздымкі вярнуліся ў Гістарычны музей", — дадала Надзея Саўчанка.
НКУС і забвенне
У чэрвені 1930 года ў дзверы да Дашкевіча пагрукалі людзі ў форме НКУС і пачалі рабіць вобшук пасярод цёплай летняй ночы. Самога Льва забралі, і наступныя тры месяцы ён прасядзеў ў турме.
"Калі даведаліся, што ён яшчэ і хімік выдатны, то пачаў працаваць у турэмнай аптэцы. Яго, канешне, апраўдалі па справе "Саюза за вызваленне Беларусі" і выпусцілі", — патлумачыла гісторык.
Пасля гэтага ён сышоў у медыцыну, стаў супрацоўнікам Клінічнага гарадка і займаўся даслеваннямі ў галіне люмінісцэнцыі.
Да вайны ён паспеў напісаць кандыдацкую па люмінісцэнтнай рэакцыі арганізма, якая прысвечана была ранняй дыягностыцы ракавых захворванняў.
У 1941 годзе пад час уварвання нацыстаў Леў Дашкевіч быў у Маскве ў камандзіроўцы. У той час, калі ўсе беглі з Мінску ён выправіўся ў адваротны шлях. Льва Дашкевіча спынілі вайскоўцы пад Смаленскам і спачатку прынялі за шпіёна, але пасля тлумачэнняў адпусцілі ў Маскву.
Сям'я Дашкевічаў засталася ў Мінску, а дом пад час бамбардзіровак згарэў разам з асабістым архівам і навуковай працай.
Па словах куратара выставы, сам Леў Дашкевіч неўзабаве апынуўся ў эвакуацыі ў Бішкеке, тагачасным горадзе Фрунзе. На фронт яго не ўзялі з-за дрэннага зроку і стану здароўя.
Пасля вайны ён жыў і працаваў у Мінску, але сям'я перабралася ў Маскву, дзе зараз і жыве ўнук фотамастака, малодшы Леў Дашкевіч.
Гісторыя аднаго фотапартрэта
Леў Дашкевіч распавёў, што калі яго дзядуля спрабаваў зрабіць фотапартрэт Янкі Купалы, у яго быў кепскі настрой. Фотаздымкі ўвесь час не атрымліваліся праз гэта.
Пад час здымак Дашкевічу дапамагала жонка. Зінаіда Дашкевіч трымала ў руках люстэрка, каб дадаць святла. Для таго, каб падсвятліць твар Купалы, ёй давялося стаць перад ім на калені.
"Успомніце, калі апошні раз перад вамі жанчына на каленях стаяла", — сказала яна Янку Купалу.
Паэт такога не чакаў і ўсміхнуўся, і якраз у гэты момант Леў Дашкевіч і зрабіў яго фотапартрэт.
"Гляджу на гэты патртрэт і думаю, што якраз гэты момант і адлюстраваны", — рэзюмаваў унук Льва Дашкевіча.