МІНСК, 12 каc — Sputnik. Пры захаванні бягучых тэндэнцый да 2022 года колькасць дзяцей і падлеткаў з атлусценнем перавысіць колькасць іх аднагодкаў з нармальнай ці паніжанай масай цела, адпаведная інфармацыя апублікавана ў выданні Lancet і на сайце Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ).
Міжнародная кампанія навукоўцаў правяла даследаванні па фактарах рызыкі неінфекцыйных захворванняў. Адно з найбольш сур'ёзных асцярог у даследчыкаў выклікала атлусценне дзяцей і падлеткаў — хлопчыкаў і дзяўчынак з лішняй вагой становіцца ўсё больш.
Тоўстых дзяцей — усё больш
Паводле дадзеных даследавання, за апошнія сорак гадоў колькасць дзяцей і падлеткаў з лішняй вагой павялічылася ў дзесяць разоў. Так, у 1975-м менш адсотка дзяцей пакутавалі атлусценнем, а ў 2016-м — ужо ад шасці да васьмі адсоткаў.
Калі такая тэндэнцыя захаваецца, упэўнены навукоўцы, то праз пяць гадоў колькасць дзяцей з атлусценнем перавысіць колькасць іх аднагодкаў з нармальнай або паніжанай вагой.
Для свайго даследавання навукоўцы бралі паказчыкі масы цела 130 мільёнаў чалавек, у тым ліку — больш за 30 мільёнаў ад пяці да 19 гадоў. Падобных па маштабе даследаванняў яшчэ не было. Аналізавалі дадзеныя жыхароў з 200 краін.
Праблема ёсць і ў Беларусі
Як адзначаюць беларускія педыятры, расце колькасць дзяцей з атлусценнем і ў Беларусі.
Так, кожнае 9-е або 11-е дзіця ў краіне мае праблемы з вагой, а не менш за 9% школьнікаў пакутуюць атлусценнем — гэты паказчык нават больш "сярэдняга па палаце". Гэты паказчык таксама расце — з-за сядзячага ладу жыцця, дрэннага харчавання і іншых фактараў.
Як следства — і несуцяшальная статыстыка па насельніцтву рэспублікі ў цэлым. Па апошніх дадзеных, каля 25% усіх беларусаў хварэюць атлусценнем, а лішнюю вагу маюць каля 60% грамадзян. Такім чынам, поўных людзей у Беларусі больш, чым стройных.
Шкодзяць лішнія кілаграмы не толькі эстэтыцы, але і здароўю — яны становяцца фактарам развіцця дзясяткаў небяспечных захворванняў: ад праблем з сэрцам да псіхічных захворванняў.