Пра гісторыю манет і іх набыцця карэспандэнту Sputnik Станіславу Андросіку распавёў навуковы супрацоўнік гістарычнага музея Раман Крыцук.
"У кожнага навуковага супрацоўніка музея ёсць кола асобаў, якія цікавяцца антыкварыятам альбо нумізматыкай, ці збіраннем старажытнасцяў. На мяне выйшаў адзін калекцыянер, які цікавіцца напалеонаўскімі войнамі, і яму пашэнціла набыць дзевяць раннелітоўскіх манет. Ён не хацеў, каб яны сышлі за мяжу, таму што вельмі часта іх вывозяць у Літву", — адзначыў гісторык.
Паводле яго слоў, было вырашана абраць такі спосаб збору грошаў на набыццё, як краудфандынг. Тут вельмі дапамог сваім досьведам Магілёўскі музей, якому ўдалося набыць такім чынам Статут ВКЛ 1588 года. На платформе "Талака" быў размешчаны праект па збору сродкаў.
Дзякуючы гэтаму на Рамана Крыцука пачалі выходзіць прыватныя калекцыянеры і людзі, якія займаюцца металапошукам, а таксама асноўны спонсар, што пажадаў застацца ананімным. Праект аказаўся паспяховым, і манеты патрапілі ў Нацыянальны гістарычны музей.
Акрамя таго, што ўдалося набыць дзевяць манет, яшчэ некалькі падаравалі калекцыянеры, калі даведаліся, што ідзе збор сродкаў талакою.
"Раней у калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея быў толькі адзін раннелітоўскі пенязь, які нумізмат Дзмітрый Гулецкі адносіць да часоў Альгерда. Легенду на рэверсе ён расшыфроўвае як ОЛКГНРД", — распавёў Раман Крыцук.
Цяпер збор папоўніся адразу шасцю партрэтнымі дэнарыямі. Зараз навукоўцы ў Літве і Польшчы вядуць спрэчкі аб тым, хто выяўлены на гэтых манетах. Некаторыя кажуць, што гэта Вялікі князь Ягайла, іншыя кажуць, што гэта каралева Ядвіга.
Нумізмат адзначыў, што пісьмовых крыніц і звестак аб раннелітоўскіх манетах няма і навукоўцы могуць разлічваць у сваёй працы толькі на месца знаходкі, чаканку і тапаграфічнае абагульненне знаходак падобных скарбаў.
Сярод набытых манет ёсць і даволі цікавая літоўская імітацыя гюлістанскага данга Залатой Арды. У XIV стагоддзі гэта была ўплывовая дзяржава на Усходзе Еўропы, таму гэтыя манеты шырока вырабляліся ў рэгіёне.
Таксама зараз у музеі можна пабачыць пенязь Казіміра Ягелончыка і пяць пенязяў Вітаўта, манеты з Маладзечанскага скарбу. Сярод знаходак там ёсць "пражскі грош", які можна назваць сярэдневечным аналагам сучаснага еўра, бо ён масава хадзіў па ўсёй Еўропе.
Навуковы супрацоўнік адзначыў, што цяпер манеты будуць не толькі захоўвацца ў музейным збору, але і выстаўляцца ў межах выставы, прысвечанай гісторыі нумізматыцы на беларускіх землях.