Дні нямецкага кіно пройдуць у Гомелі 23-25 кастрычніка

CC0 / Pexels / Праектар, архіўнае фота
Праектар, архіўнае фота - Sputnik Беларусь
Падпісацца на
НовостиTelegram
Фестываль прымеркаваны да 25-годдзя аднаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Германіяй.

МІНСК, 17 кас — Sputnik. Дні нямецкага кіно пройдуць у Гомелі 23-25 кастрычніка пры садзейнічанні пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія, паведамілі ў "Гомелькінавідэапракаце".

Паказы адбудуцца ў кінатэатры "Мір". Гледачы ўбачаць тры мастацкія фільмы розных жанраў на нямецкай мове з рускімі субтытрамі.

Праграму дзён адкрые 23 кастрычніка палітычны дэтэктыў "Жыццё іншых". Гэта фільм аб татальным кантролі над культурным жыццём Усходняга Берліна агентамі міністэрства дзяржаўнай бяспекі ГДР (Штазі). Карціна стала ўладальніцай "Оскара" 2007 года ў намінацыі "Лепшы фільм на замежнай мове".

Раней у Германіі фільм атрымаў сем прэмій Deutscher Filmpreis. Таксама кінастужка ўдзельнічала ў намінацыі "Лепшы фільм на замежнай мове" прэміі "Залаты Глобус". Па ўсім свеце касавыя зборы карціны склалі больш за $77 млн пры бюджэце ў $2 млн.

24 кастрычніка да паказу запланавана камедыя "Заліковы выкладчык", а завершыць культурную акцыю 25 кастрычніка сямейная драма "Усходні вецер".

Фестываль прымеркаваны да 25-годдзя аднаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Германіяй. У цырымоніі адкрыцця чакаецца ўдзел аташэ па пытаннях культуры і прэсы Мерла Варнэке.

Стужка навiн
0