МІНСК, 17 кас — Sputnik. Поўны факсімільны збор спадчыны беларускага першадрукара Францыска Скарыны перададзены ў бібліятэкі Францыі.
Перадаў выданні дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі падчас візіту ў Парыж 16 кастрычніка.
Раман Матульскі сустрэўся з генеральным дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Францыі імя Франсуа Мітэрана Сільвіан Тарса-Гійры.
Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі распавёў пра творчасць Скарыны, а таксама аб праведзенай рабоце па падрыхтоўцы і выданню збору яго кніг.
Акрамя таго, бакі дамовіліся аб аказанні садзейнічання з французскага боку па стварэнні лічбавай бібліятэкі ў Беларусі.
У гэты ж дзень адбылася сустрэча Рамана Матульскага з дырэктарам бібліятэкі Нацыянальнай асамблеі Францыі Патрыкам Мантамбалам. Фонды бібліятэкі парламента Францыі таксама папоўніліся факсімільнымі выданнямі беларускага першадрукара.
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі магчымасці развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, у прыватнасці выкарыстанне беларускага вопыту выдання факсімільных копій рэдкіх кніг.