МІНСК, 17 кас — Sputnik. Мужчына атрымаў агнястрэльнае раненне падчас палявання ў Барысаўскім раёне, паведамілі Sputnik у прэс-службе Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
Інцыдэнт адбыўся ў мінулую суботу, 14 кастрычніка, у паляўнічых угоддзях паблізу вёскі Ганцавічы пад Барысавам падчас загоннага палявання.
"Па папярэдняй версіі, 28-гадовы паляўнічы пакінуў стралковую лінію ў той час, калі яго сусед па нумары стрэліў у лася", — распавялі ў Дзяржінспекцыі.
Пацярпелага з куляй у сцягне шпіталізавалі.
Суразмоўцы агенцтва адзначылі, што прававая ацэнка дзеянням абодвух паляўнічых будзе дадзена ў ходзе расследавання. "Не выключана, што і таго, і іншага прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне тэхнікі бяспекі на паляванні", — удакладнілі ў ведамстве.
У якасці пакарання можа быць прызначаны штраф да 40 базавых велічынь, а таксама пазбаўленне спецыяльнага права на паляванне.
У Дзяржінспекцыі нагадалі, што паляванне ў восеньскі перыяд патрабуе асаблівай асцярожнасці. Паляўнічыя павінны выконваць усе правілы бяспекі, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў.