МІНСК, 18 кас — Sputnik. Юбілейны канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча "25 год на сцэне" з удзелам гурта WZ-Orkiestra і запрошаных гасцей адбудзецца 2 лістапада ў КЗ "Мінск", напярэдадні значнай даты музыка ўзгадаў, як усё пачыналася.
Зміцер Вайцюшкевіч нарадзіўся ў пасёлку Бярозаўка Лідскага раёну, знакамітага праз шклозавод "Нёман". З дзяцінства спяваў, у школьныя гады пачаў займацца на кларнэце. У 1990 годзе скончыў Лідскую музычную вучэльню і паступіў ва Універсітэт культуры.

"Першыя два гады ў Мінску я проста вучыўся і гадзінамі займаўся на кларнэце — мне гэта вельмі падабалася. Усё змяніў 1992 год. Я граў на кларнэце ў пераходзе на плошчы Перамогі, калі незнаёмая дзяўчына запрасіла мяне на зборны канцэрт "Мроі", "Новага неба" ды "Уліса" у Палацы культуры чыгуначнікаў — лепшых беларускіх рок-гуртоў таго часу. Там я зразумеў дзве рэчы. Першае — я закахаўся ў беларускую песню. Другое — трэба варушыцца, калі хачу патрапіць на сцэну", — распавядае Вайцюшкевіч.

Неўзабаве Зміцер падаў заяўку на першы Конкурс нацыянальнай песні і паэзіі, які рабіла Беларускае тэлебачанне. Там Вайцюшкевіч выканаў песню "Спатканне" на вершы Аляксандра Лягчылава з рэпертуару ансамбля "Сябры" — гэта было першае з'яўленне Вайцюшкевіча на тэлеэкранах. Але аўтарытэтнае журы ў другі тур маладога спевака не прапусціла, палічыла "сырым".

"Увосень 1992 аднакурснік распавёў мне пра праслухоўванне ў гурт "Палац", які тады зваўся "Дворец кукурузных палочек". Гэта быў студэнцкі калектыў. Яны рыхтавалі дзве праграмы: беларускіх народных песень і джазава-эстрадную на тэму савецкіх часоў. У першай выдатна спяваў Алег Хаменка, а мяне ўзялі на другую, спяваць Уцёсава", — тлумачыць Зміцер Вайцюшкевіч.

Але раптам стрэліла менавіта першая праграма, таму гурт пераназвалі ў "Палац" і джаз ніхто не пачуў.
"Я застаўся на бэк-вакале і духавых. Мой каронны номер быў, калі я выходзіў чытаць рэп на англійскай мове ў песні "Русалкі". Зараз выглядае смешна, а тады гэта было неверагодна крута", — узгадвае музыка.
З таго часу змянілася шмат: Зміцер сыйшоў з гурта "Палац", прайшоў праз Kriwi, запісаў шмат сольных альбомаў. Але галоўнае засталося нязменным — любоў Вайцюшкевіча да беларускай песні.