На гэтым тыдні, 17 кастрычніка, прэзідэнту Беларусі былі прадстаўлены дзве калекцыі параднай формы для беларускай дэлегацыі да Гульняў-2018. Абодва камплекты былі створаны з выкарыстаннем нацыянальных матываў. За аснову было вырашана ўзяць варыянт у стылі casual, які быў прапанаваны Людмілай Лабковой. У форме дамінуюць светла-шэрыя тоны, чырвоныя аксэсуары і дэталі, якія падкрэсліваюць элегантнасць.
Акрамя таго, у вопратцы выкарыстоўваюцца элементы беларускага арнаменту, у якім спалучаюцца сімвалы-абярэгі маці, перамогі і ўраджайнасці. Дызайнеры ўпэўненыя, што падобны арнамент выдзеліць беларускіх спартсменаў самабытнасцю і падкрэсліць нацыянальную прыналежнасць.
Камплект для мужчын уключае ў сябе штаны, пінжак, кашулю і майку. Для жанчын — жакет, штаны, спадніцу, блузку, майку або сукенку на выбар. Усе матэрыялы айчыннай вытворчасці.