Кінастудыя "Беларусьфільм" рыхтуецца да адкрыцця пасля рэканструкцыі, якое запланавана на 7 лістапада. Што гэта значыць для кінастудыі, красамоўна тлумачыць лічба — работы па рэканструкцыі доўжыліся доўгіх 8 гадоў. Напярэдадні гэтай доўгачаканай падзеі карэспандэнт Sputnik Ірына Пятровіч пабывала на абноўленай кінастудыі і пераканалася, што адкрыццё ўжо блізка.
У гэтых сценах было знята нямала карцін, якія сёння ўжо сталі легендамі: "Прыгоды Бураціна", "Пра Чырвоную Шапачку", "Белыя росы", "Дзікае паляванне караля Стаха", "У жніўні 44-га". І не гледзячы на папрокі, што беларускае кіно ўжо не тое, жыццё тут не спынялася нават падчас рэканструкцыі.
Цудоўнае ператварэнне
У новых і старых павільёнах кіпіць праца: накрываюць падлогу клееным брусам, яго шліфуюць і чысцяць ад драўлянай габлюшкі і будаўнічага пылу. Адчуваецца характэрны пах будматэрыялаў. Усяго на абноўленай кінастудыі цяпер 5 павільёнаў для здымак: 2 новых і 3 старых, якія былі ўдасканалены ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Сцены зроблены з сучаснага гукаізалюючага матэрыялу, столі апрацаваны высакаякасным супрацьпажарным пакрыццём. А легенда пра знакамітыя беларусьфільмаўская скразнякі і халады сыдзе ў мінулае — па ўсім перыметры размешчаны радыятары.
Здымачныя павільёны былі запатрабаваныя і ў самы разгар рэканструкцыі. Менавіта тут здымаў свой "Вялікі" Валерый Тадароўскі. Цяпер у адным з новых павільёнаў сабраны дэкарацыі да расійскага серыялу "Мухтар-2" — ён здымаецца ў Беларусі на працягу доўгага часу. Пакуль здымачная група ў адпачынку і пляцоўка пустуе, мы зазірнулі ў кабінеты следчых, такія знаёмыя нам па фільме.
З пераменай месцаў на "Беларусьфільме" перагледзелі і планы.
"Цяпер на розных стадыях завяршэння 8 мастацкіх праектаў, 20 дакументальных фільмаў, 10 мультфільмаў. У планах мы збіраемся выпускаць у год не менш за 6 мастацкіх фільмаў, 9-10 мультыплікацыйных і 20-30 гадзін дакументальнай і навукова-папулярнай прадукцыі", — распавёў дырэктар кінастудыі Ігар Поршнеў.
Ён адзначыў, што якасць будаўніцтва дэкарацый на "Беларусьфільме" — адна з падстаў для гонару — усё робяць на сумленне.
Зараз ідзе стварэнне дэкарацый да здымак расійскага фільма "Цудадзейная" па аднайменнай аповесці Уладзіміра Цендракова.
Тэхнічная база кінастудыі таксама абноўлена: з'явілася першакласная лічбавая студыя, дзе ёсць магчымасць якасна апрацоўваць матэрыял, займацца камп'ютарнай графікай і колеракарэкцыяй. "Але самае галоўнае новаўвядзенне — у нас будзе абсталявана студыя перазапісу гуку ў сістэме Dolby Atmos, якая можа вырабляць і Dolby 5.1 і 7.1. Сёння 6 кінатэатраў у Мінску працуюць з гэтай сістэмай, у Расіі іх некалькі дзясяткаў, студый не так шмат. Гэта перадавая тэхналогія, будзем прапаноўваць выкарыстоўваць гэтую нашу паслугу. Такі гук сапраўды ўражвае", — дадаў дырэктар кінастудыі.
На тэрыторыі кінастудыі таксама вядуцца актыўныя будаўнічыя дзеянні. Відаць, што яшчэ трохі высілкаў — і мясцовасць будзе канчаткова акультурана. Адзін з галоўных знешніх атрыбутаў галоўнага корпуса — медная шыльда з назвай кінастудыі на трох мовах — ужо начышчаная і прымацаваная на фасадзе будынка.
Незлічоныя багацці кінастудыі
Склады "Беларусьфільма" — сапраўдныя скрыні з скарбамі розных эпох, прасторна размясціліся ў адрамантаваных будынках. Перавозіць рэчы на новае месца пачалі яшчэ ў мінулым годзе. У новым корпусе 6 складоў для рэквізіту, арэнда якога прыносіць студыі стабільны даход.
"У нас шыкоўная калекцыя касцюмаў, рэквізіту, мэблі, зброі. Гэта наш гонар. Усё гэта заўсёды карысталася попытам: пакуль ішла рэканструкцыя, наш рэквізіт пастаянна ўдзельнічаў у здымках за мяжой", — патлумачыў Ігар Поршнеў.
Ганарыцца сапраўды ёсць чым. У засеках "Беларусьфільма" больш за 60 тысяч адзінак мужчынскага, жаночага і ваеннага адзення, каля 7 тысяч пар абутку, каля 12 тысяч галаўных убораў, звыш 25 тысяч адзінак рознага рэквізіту, каля 2 тысяч адзінак зброі.
"На складзе захоўваецца больш за 4,5 тысячы адзінак мэблі, большасць з іх — сапраўдныя, частка — бутафорскія. Перыядычна яе даводзіцца рэстаўраваць, часам — ствараць з нуля, вывучаючы ўсе магчымыя дэталі, уласцівыя канкрэтнай эпосе", — падзяліўся загадчык склада дэкарацый Аляксандр Трызна.
Абнавілі не толькі саму кінастудыю, але і касцюмы кінагерояў: іх пачысцілі і прывялі ў парадак. Сярод вялізных стэлажоў з адзеннем можна знайсці лёгка пазнавальныя асобнікі. Напрыклад, нарад Лісы Алісы і каўпак Бураціна з фільма "Прыгоды Бураціна", касцюмы герояў "Альпійскай балады" і "Анастасіі Слуцкай". Кожная рэч на складзе адзення робіцца па замове. Каб касцюмы герояў глядзеліся максімальна рэалістычна, пры іх стварэнні выкарыстоўваюцца элементы, якія адсылаюць гледача да пэўнага гістарычнага перыяду: імітацыя каштоўных камянёў, гузікі, знакі адрознення і шаўроны.
Касцюмы выкарыстоўваюцца для здымак розных фільмаў, тэатралізаваных святаў і фотасэсій, — студыя здае іх у арэнду. Стан кожнага касцюма старанна правяраюць супрацоўніцы склада. Калі не хапае якога-небудзь элемента — гэта недакомплект, трэба альбо знайсці яго, альбо замяніць. Калі рэч струхнела, яе адпраўляюць у рамонт.
Маштаб убачанага сапраўды ўражвае. Толькі на адным складзе можна прымерыць дзясяткі тысяч розных вобразаў практычна любой тэматыкі.
Лакацыя здымак — "Смалевуд" і "рай"
Для натурных здымак у "Беларусьфільма" ёсць асобныя пляцоўкі, іх таксама ахвотна выкарыстоўваюць замежныя рэжысёры. Самая вядомая пляцоўка знаходзіцца ў 40 кіламетрах ад Мінска, пад Смалявічамі. На кінастудыі яе жартаўліва называюць "Смалевуд", распавядае Ігар Поршнеў.
"Гэта шыкоўная натурная пляцоўка, на якой можна здымаць карціны любой складанасці. Зараз у нас там стаіць метраў 300 эшаланаванай абароны, зробленыя акопы, стаяць два лагеры партызанскіх, хаты рознай канфігурацыі — можна прыйсці і хоць зараз здымаць. Мы стараемся збіраць калекцыю натурных дэкарацый і прапаноўваць іх да выкарыстання", — распавёў ён.
На тэрыторыі самой кінастудыі таксама ёсць незвычайная адкрытая пляцоўка для здымак. Там цяпер суседнічаюць дэкарацыі эпохі антычнасці і амерыканскага Дзікага Захаду. Асабліва камічна гэтыя будынкі глядзяцца на фоне панэльных шматпавярховак, якія атачаюць тэрыторыю "Беларусьфільма".
Несапраўдныя будынкі зроблены на здзіўленне дыхтоўна. Па словах Поршнева, персанал на зборы дэкарацый працуе добрасумленна, да таго ж у студыі шматгадовыя традыцыі будаўніцтва дэкарацый.
"Вы, можна сказаць, у рай патрапілі: на гэтай пляцоўцы пабывалі прадстаўнікі ўсіх магчымых часоў і народаў — ад індзейцаў да нашых сучаснікаў", — пажартаваў дырэктар кінастудыі.
У кожным жарце — толькі доля жарту. І сапраўды, абноўленая кінастудыя нагадвае калі не рай, то казку. Бо менавіта тут робіцца чараўніцтва, да якога, знаходзячыся на другім баку экрана, дакранаюцца гледачы. Спадзяемся, зусім хутка ў яе з'явяцца новыя, не менш слаўныя старонкі.