МІНСК, 24 кас — Sputnik. Пасля завяршэння першай чаргі капітальнага рамонту будынка 24 кастрычніка аднаўляе працу філіял "Археалагічны музей "Бярэсце", паведамілі Sputnik у музеі.
Увазе наведвальнікаў прапануецца агляд археалагічнага раскопу XIII стагоддзя, часовая экспазіцыя, у якой прадстаўлены археалагічныя рарытэты, рэканструкцыя жылля берасцейца XIII стагоддзя, выставы.
Рамонтныя работы вяліся на аб'екце з чэрвеня па кастрычнік. У прыватнасці, шкляныя вітражы фасадаў былі заменены на аднакамерныя шклопакеты. Таксама мадэрнізаваны парэнчы вакол археалагічнага раскопу, падрыхтаваны залы для наступнай экспазіцыі.
На запланаваны рамонт, які прадугледжаны спецыяльным распараджэннем прэзідэнта "Аб падрыхтоўцы да святкавання 1000-годдзя Брэста", было выдаткавана 644 тысячы рублёў.
Археалагічны музей адкрыўся 35 гадоў таму на Шпітальным востраве Брэсцкай крэпасці. З 1969 па 1981 год на месцы старажытнага Бярэсця праводзіліся раскопкі пад кіраўніцтвам Пятра Лысенкі. Былі выяўлены дзесяткі драўляных пабудоў XI-XIII стагоддзяў, вулічныя маставыя, агароджы, шматлікія прадметы матэрыяльнай культуры таго часу. Усё гэта знаходзіцца ў складзе экспазіцыі музея, таму рэканструкцыя праводзіцца вельмі асцярожна ў некалькі этапаў.