МІНСК, 26 кас — Sputnik. Адзін з самых паспяховых беларускіх гуртоў Tonqixod узяў бестэрменовы перапынак у творчай дзейнасці, нечаканая навіна з'явілася на старонках у сацыяльных сетках клавішніка гурта Максіма Субача ў аўторак.
Трыа Tonqixod лічыцца аднім з самых паспяховых некамерцыйных гуртоў у Беларусі, іх другі па ліку альбом "Колер, якога няма" выйшаў колькі месяцаў таму і быў станоўча сустрэты беларускімі музычнымі крытыкамі. Гурт таксама цёпла прымалі і за мяжой.
"Бліжэйшым месяцам наш TonqiXod адграе пару апошніх (на бліжэйшыя працяглыя часы) канцэртаў. Шмат каму можа падацца, што цягнік прыпыняецца, толькі набраўшы добрую хуткасць, але для нас відавочна, што ён імчаўся стрымгалоў некалькі год — проста для шматлікіх людзей вынікі пачалі быць бачнымі адносна нядаўна", — напісаў клавішнік на сваёй старонцы.
У пасце музыка адзначае, што ён спадзяецца, што іншыя музыкі не перапыняць сваю творчую дзейнасць без яго. "Пры гэтым не патрабую эгаістычна спыніцца ўсім разам са мной. Але так сталася, што нашае трыа моцна завязана на кожным з удзельнікаў, таму, спыняючы адзін свой вагон, атрымліваецца — спыняю ўвесь цягнік. Што і казаць — гэта цяжкае рашэнне, тым больш усведамляючы, што ўскосна і прама яно датычыцца таксама дзейнасці Уладзя з Андрэем. Але рашэнне, хоць і непрыемнае, — узважана шматкроць. Я чэсны з сабой і "калегамі", і рады, што яны хоць і з сумам, але з павагай і паразуменнем паставіліся да яго".
"Мы ўсе ганарымся тым, што стварылі, і шматзначна не ставім кропку. Не выключаю, што праз некаторы час мы, магчыма, зможам зноў стварыць разам нешта адметнае, але пакуль рана пра гэта разважаць", — дадаў музыка.
Паводле каментароў прыхільнікаў у сацыяльных сетках, музыка, хутчэй за ўсё, сыходзіць зараблять грошы.
У суполках гурта ў сацыяльных сетках ужо з'явіліся афішы з запрашэннем на развітальны канцэрт, ён адбудзецца 2 лістапада ў рок-клубе "ТНТ", прычым уваход на канцэрт будзе вольным.
Клавішнік гурта нядаўна ўпершыню ажаніўся, некаторыя карыстальнікі сацсетак звязваюць такія перамены ў гурце менавіта з гэтым.
Беларускае трыа Tonqixod было заснавана ў 2013 годзе бубначом Андрэем Аляксеенкам, клавішнікам Максімам Субачам і паэтам Уладзімірам Лянкевічам. Гурт адразу атрымаў шэраг музычных прэмій — за лепшы дэбют, лепшы дэбютны альбом, лепшы рок-альбом.