ГРОДНА, 26 кас — Sputnik, Іна Грышук. Беларускія памежнікі не пазналі маладога жыхара Гродна на фатаграфіі ў яго пашпарце, не выпусцілі з краіны ва Украіну, канфіскавалі пашпарт і адправілі на замену ў РАУС Гродна.
Інцыдэнт адбыўся ў памежным пункте "Новая Гута" ўвечары ў сераду 25 кастрычніка. У непрыемную гісторыю трапіў гарадзенец Дзмітрый, які ехаў з Беларусі ва Украіну на машыне знаёмых. Падчас памежнага кантролю спадарожнікаў праверылі хутка, а яму сказалі: "У пашпарце не ваша фатаграфія".
"Спачатку паглядзеў адзін чалавек, потым другі, затым яшчэ некалькі, прыйшоў старэйшы змены, мяне адправілі ў пакой агляду, каб праверыць, ці не падроблены пашпарт. Праверка заняла чатыры гадзіны", — распавёў Дзмітрый.
Па яго словах, на мяжы праверылі пашпарт у базе дадзеных, дзе было тое ж фота, што і ў дакуменце, тэлефанавалі знаёмым і калегам, каб пераканацца ў праўдзівасці яго слоў. У выніку было прызнана, што пашпарт сапраўдны і сапраўды належыць Дзмітрыю. Але па фатаграфіі немагчыма ідэнтыфікаваць асобу маладога чалавека.
"У цэлым яны прызналі, што з дакументамі ўсё ў парадку, што я не выдаю сябе за іншага чалавека. Прызналі, што фатаграфія таксама мая, але праблема ў тым, што цяперашні твар не падобны на той, што выяўлены на фатаграфіі", — паведаміў жыхар Гродна.
Фатаграфія была зроблена ў 2012 годзе, у гэтым жа годзе выдадзены пашпарт. Дзмітрый прызнаўся: "Так, мая знешнасць змянілася, але не так кардынальна, знаёмыя працягваюць пазнаваць мяне на вуліцы. Я не патаўсцеў і не схуднеў, не рабіў пластычных аперацый. Проста змяніў прычоску, зрабіў бараду і вусы".
Тым не менш, памежная служба не дазволіла гарадзенцу выехаць з Беларусі ва Украіну. Дакумент быў канфіскаваны і адпраўлены ў Гродна. Хлопцу выдалі даведку аб тым, што ў яго канфіскаваны пашпарт, і сказалі праз 5 дзён прыйсці ў міліцыю па месцы жыхарства для замены пашпарта.
"Дзіўна, але з гэтым пашпартам я ўжо выязджаў у 2013 годзе з Беларусі. Ездзіў ва Украіну і Малдову, тады праблем не было. Цяпер часта даводзілася прад'яўляць дакумент, у тым ліку і праваахоўнікам. У іх таксама не ўзнікала пытанняў, усе пазнавалі", — адзначыў Дзмітрый.
Па яго словах, на мяжы на яго быў складзены пратакол аб адміністрацыйным парушэнні пры перасячэнні мяжы. Ці будзе ён плаціць штраф, пакуль не ведае. Адзінае, аб чым ён цяпер шкадуе, што страціў амаль суткі часу, пакуль дабіраўся з Гродна да "Новай Гуты" і назад, і аб тым, што адпачынак прыйдзецца правесці дома.