МІНСК, 26 кас — Sputnik. Асноўны блок мерапрыемства — музычны. Сёлета музычны склад удзельнікаў крыху змяніўся з больш цяжкага блэк-напрамку ў бок пэган. На свяце выступяць шэсць калектываў: Folcore, Plemя, Evthanazia, Aillion, Dwellstorm Borned, Fangorn.
"Мы вельмі доўга выбіралі ўдзельнікаў для свята, і зараз магу дакладна сказаць, што кожны з заяўленых калектываў унікальны ў плане нават свайго бачання напрамка, у якім грае. Напрыклад, у нас выступіць і Evthanazia, гэта калектыў з 20-гадовай гісторыяй, і DWELLSTORM BORNED, якому менш за год. Але калі мы паглядзелі іх матэрыял, то адразу зразумелі, што іх трэба абавязкова браць на канцэрт", — распавёў карэспандэнту Musecube арганізатар фестывалю Аляксандр Рак.
Адбіраючы ўдзельнікаў для канцэртнай часткі фестывалю, арганізатары абапіраліся не толькі на гучанне каманды, але і на тое, наколькі ярка яны будуць выглядаць на сцэне, паколькі музыка цяпер гэта не толькі падача ў інструментальным плане, але яшчэ і паўнавартаснае шоу.
"Пры выбары каманд мы абапіраліся на сваё ўнутранае чуццё, якое шмат у чым супала з вынікамі галасавання карыстальнікаў сацыяльных сетках. У першую чаргу мы звярталі ўвагу на музычны складнік, якаснасць музыкі, эксклюзіўнасць у сваім кірунку, эксклюзіўнасць у падачы матэрыялу і эксклюзіўнасць шоу, якое каманда робіць. То бок выбар быў досыць доўгім", — адзначаюць арганізатары.
Сёлета змяніўся не толькі музычны складнік фестывалю, але і філасоўская тэматыка. Так, летаць лейтматывам свята стала закінутая псіхіятрычная лякарня, у гэтым будзе прасочвацца тэма вечнай зімы.
"Мяняецца канва мерапрыемства, мяняецца падыход да фотазон, але застаюцца традыцыйныя блокі — шоу-праграма, якую мы, таксама адаптуючы, мяняем з года ў год. Але глабальныя змены датычацца толькі музычнага складніку і тэматыкі мерапрыемства, усё астатняе застаецца традыцыйным", — распавёў Аляксандр Рак.
У праграме фестывалю заяўлены неонавае шоу, шаманскае шоу ў выкананні гурта Ketri, бодзі-арт шоу і шоу хадулістаў. Гледачоў чакаюць розныя сюрпрызы, у тым ліку адмысловыя конкурсы і гульні ад вядучага канцэрту Іллі Маліноўскага. Гасцей свята будуць забаўляць аніматары, у кожнага з іх свая задача — напалохаць, рассмяшыць або што-небудзь яшчэ.
На фестывалі будзе працаваць шэраг тэматычных фотазон, адна з якіх будзе аформленая ў стылістыцы "Гульні тронаў".
"Тэму вечнай зімы будуць адлюстроўваць розныя лакацыі. Так, у нас будзе працаваць вялікая фотазона ў тэматыцы "Гульні тронаў", з жалезным тронам і са сцягамі. Акрамя гэтага на фэст будзе запрошана варажбітка, для якой будзе адведзена спецыяльнае месца ў холе. Дарэчы, вялікі хол клуба мы задзейнічаем цалкам. Усе лакацыі размесцяцца на першым паверсе, часткова будзе задзейнічаны і другі паверх", — распавялі арганізатары.
Арганізатары нагадваюць гасцям, што гэта ў першую чаргу не канцэрт, а свята, таму заклікаюць усіх прыходзіць у касцюмах. І абяцаюць гледачам ў асабліва арыгінальных уборах зніжку на ўваход.
"Традыцыйна мы разлічваем на людзей у вобразах і касцюмах. А якія яны будуць? Тут можна адпавядаць тэматыцы адвечнай зімы, а можна прыйсці ў сваім любімым вобразе. Мы разлічваем, у першую чаргу, на тых, хто гатовы выдаткаваць свой час на распрацоўку вобраза, але, у той жа час, мы будзем рады гасцям і ў звычайнай вопратцы", — распавёў Аляксандр Рак.