МІНСК, 26 кас — Sputnik. Рарытэтны хатні посуд прадстаўлены на выставе ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка. Выстава наглядна адлюстроўвае эвалюцыю чалавечай думкі і тэхнічнага прагрэсу ў знаёмых рэчах. Тут можна ўбачыць прадметы хатняга побыту XVI-ХХ стагоддзяў, сабраныя з усяго свету.
Наведвальнікі выставы трапяць у царства хатняга кухоннага посуду, бытавой тэхнікі, абсталявання: незвычайных сокавыціскалак, механічных машынак для нарэзкі, цёрак — усяго таго, што некалі радавала сваёй навізной гаспадынь, а цяпер стала рарытэтам.
Старыя рэчы здзіўляюць прастатой у карыстанні, але выгадай і эфектыўнасцю. Напрыклад, механізм для ачысткі садавіны і бульбы або прыстасаванне для працірання ягад. А для таго каб раскалоць арэхі (як правіла, грэцкія і лясныя), былі спецыяльныя інструменты, большасць у выглядзе шчыпцоў або прэса.
Сярод кухонных прыладаў ёсць таксама ўнікальныя мясасечкі, прылады для перамолвання цукру і вырабу сасісак, чайнікі, першыя кухонныя камбайны і многае іншае.
Размешчаны экспанаты такім чынам, што наведвальнік можа лёгка прасачыць тэхнічны прагрэс і тэндэнцыі змены бытавой тэхнікі. Асаблівасць выставы ў тым, што шмат экспанатаў можна памацаць рукамі.
Выстава "Старая, старая кухня" будзе працаваць з 26 кастрычніка па 7 студзеня 2018 года.