МІНСК, 27 кас — Sputnik. Прызавы фонд Чэмпіянату свету па футболе, які пройдзе ў Расіі ў 2018 годзе, складзе 400 мільёнаў долараў, паведамляе прэс-служба Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА).
Прызавы фонд турніру быў зацверджаны на пасяджэнні савета ФІФА, які адбыўся ў індыйскай Калькуце ў пятніцу. Адзначаецца, што агульны прызавы фонд мундыяля вырас на 12% у параўнанні з Чэмпіянатам свету-2014 у Бразіліі, дзе ён быў роўны 358 мільёнам долараў.
"Гэта знак таго, што ФІФА здаровая з фінансавага пункту гледжання", — заявіў прэзідэнт ФІФА Джані Інфанціна.
Як менавіта будуць размеркаваны выплаты сярод каманд — удзельніц Чэмпіянату, пакуль не раскрываецца. На мінулым ЧС-2014 немцы, якія сталі чэмпіёнамі свету, атрымалі 35 мільёнаў долараў.
Зарабілі на мундыялі таксама і каманды, якія не змаглі выйсці з групы — яны атрымалі ад васьмі мільёнаў долараў. Раней паведамлялася, што на сайт ФІФА да сярэдзіны кастрычніка паступіла больш за 3,5 мільёны заявак на квіткі на маючы адбыцца турнір.
Сусветнае футбольнае першынства, удзел у якім возьмуць 32 каманды, пройдзе з 14 чэрвеня па 15 ліпеня 2018 года ў 11 расійскіх гарадах: Маскве, Калінінградзе, Санкт-Пецярбургу, Валгаградзе, Казані, Ніжнім Ноўгарадзе, Самары, Саранску, Растове-на-Доне, Сочы і Екацярынбургу.