МІНСК, 30 кас — Sputnik. Фільм рэжысёра Аляксея Учыцеля "Мацільда" ўзначаліў беларускі пракат, хоць у цэлым стартаваў не вельмі паспяхова, сведчаць дадзеныя сталічнага УП "Кінавідэапракат".
"Мацільда" — фільм пра гісторыю кахання спадчынніка рускага прастола Мікалая і балерыны Мацільды Кшэсінскай. Яшчэ да выхаду карціну суправаджалі спрэчкі і скандалы, аднак прэм'ера стужкі адбылася.
Па выніках прэм'ерных выходных "Мацільда" ўзначаліла пракат у сталічных дзяржаўных кінатэатрах. Так, у Мінску стужка зарабіла ледзь больш за 91 тысячу рублёў, паглядзець яе вырашылі парадку 15 тысяч чалавек.
У суме пакуль зборы "Мацільды" на постсавецкай прасторы складаюць каля 230 мільёнаў расійскіх рублёў, аднак гэты паказчык удвая менш, чым у іншай расійскай прэм'еры — казкі "Апошні волат".
У беларускім жа пракаце "Апошні волат" пакуль займае толькі другое месца. У Мінску фэнтэзі ад Disney зарабіла крыху больш за 53 тысяч рублёў. Зрэшты, у карціны яшчэ ёсць шанец абагнаць "Мацільду" — улічваючы, што водгукі на дзіцячы фільм пакуль больш станоўчыя, чым на драму Учыцеля.
Таксама ў рэйтынг самых касавых фільмаў мінулага тыдня патрапілі "Геашторм", "Салют-7" і "Фіксікі".
Ужо на наступным тыдні ў беларускі пракат выйдзе "Тор: Рагнарок", які будзе прэтэндаваць на першае месца па зборах на працягу некалькіх тыдняў. Выйдзе на экраны і новая версія "Забойства ва Усходнім экспрэсе" — эксперты прагназуюць стужцы паспяховы пракат.