МІНСК, 31 кас — Sputnik. Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі пакажа ў лістападзе два спектаклі з субтытрамі на англійскай і французскай мовах.
Так, 4 і 28 лістапада спектакль "Кар'ера доктара Раус" будзе ісці з субтытрамі на англійскай мове. Гэта прэм'ера сезона, якая распавядае гісторыю пра Францішка Скарыну.
Убачаць гледачы з англійскімі субтытрамі і спектакль "Гэта ўсё яна", які апавядае аб праблеме бацькоў і дзяцей. Яго пакажуць 5 лістапада. А вось 30 лістапада гэтая ж пастаноўка будзе ісці ўжо з субтытрамі на французскай мове.
Дарэчы, спектакль стаў прызёрам прэстыжнага Авіньёнскага фестывалю ў 2017 годзе.
"Сёлетні тэатральны сезон мы праводзім пад дэвізам "Сезон без межаў". У гэты раз руйнуюцца моўныя межы, каб даць магчымасць замежным студэнтам і замежным гасцям паглядзець нашы спектаклі", — адзначыла прэс-сакратар тэатра Святлана Латышава.
Яна таксама адзначыла, што ў будучыні колькасць спектакляў з замежнымі субтытрамі будзе павялічвацца. Цяпер вядзецца праца над перакладам "Пелікана" на англійскую мову. Ужо гатовыя польскія субтытры да пастановак "Беларусь. Дыдактыка" і "Чарнобыльская малітва".