Вайцюшкевіч ідзе на "аншлаг тысячагоддзя"

© Sputnik / Виктор ТолочкоМузыка і выканаўца Зміцер Вайцюшкевіч
Музыка і выканаўца Зміцер Вайцюшкевіч - Sputnik Беларусь
Падпісацца
На дадзены момант прададзена больш за 900 квіткоў у партэр, таму арганізатары адчынілі продаж месцаў на балконе.

МІНСК, 31 кас — Sputnik. У чацвер 2 лістапада ў вялікай зале КЗ "Мінск" адбудзецца юбілейны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча "25 гадоў на сцэне".

У межах юбілейнага канцэрта Зміцер Вайцюшкевіч разам з WZ-Orkiestra выканае лепшыя песні за ўсю кар'еру. У гэтым яму таксама дапамогуць запрошаныя госці: лідар гурта "Палац" Алег Хаменка, з якім Зміцер распачынаў музычную кар'еру, а таксама вакалістка і скрыпачка Ксенія Мінчанка, якая з 2002 да 2011 года была адным з сімвалаў WZ-Orkiestra. Арганізатары абяцаюць і шэраг іншых сюрпрызаў.

"Апошні раз у вялікай зале КЗ "Мінск" я граў на пачатку 2010 году, гэта была праграма "Мой сябра анёлак". Вельмі прыемна, што за гэтыя гады людзі не забыліся на мае песні. Калі адбудзецца аншлаг, то для мяне асабіста гэта аншлаг тысячагоддзя", — распавёў Вайцюшкевіч.

На рахунку Змітра Вайцюшкевіча каля 20 сольных альбомаў і канцэртных праграм на вершы беларускіх паэтаў: Рыгора Барадуліна, Алеся Камоцкага, Уладзіміра Някляева, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Караткевіча, Адама Русака і іншых.

Канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча "25 гадоў на сцэне" адбудзецца 2 лістапада ў КЗ "Мінск"; пачатак а 19-й гадзіне; кошт квіткоў — ад 20 да 28 рублёў.

Стужка навiн
0