МІНСК, 3 ліс — Sputnik. Першы беларускамоўны батл "Вершус" прайшоў у ГЦ "Galleria Minsk" і быў прымеркаваны да 135-годдзя са дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры — Янкі Купалы і Якуба Коласа.
У паўгадзіннай імпрэзе ўзялі ўдзел тры каманды з ліку маладых паэтаў і актораў, якія па чарзе ў фармаце адзін на адзін зачытвалі вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа, а гледачы праз апляскі і авацыі вызначалі, чый верш ім больш прышоўся да спадобы. Узровень гуку апладысментаў вымяралі праз адмысловы шумамер.
За колькі хвілін да пачатку батла вядоўца прайшоўся па гледачах з апытанкай: творчасць якога паэта ім больш прыходзіцца да спадобы. Як апынулася, большасці прыходзяцца да спадобы вершы Янкі Купалы. Прычыны для гэтага называліся розныя — больш лірічныя, больш мелагучныя, блізкія.
У першым раўндзе паэтычнага батла сустрэліся акцёры тэатра "Жывое слова", у другім і трэцім раўндах сыйшліся маладыя паэты — Кацярына Масэ і Маргарыта Латышкевіч, Алесь Снег і Мікіта Найдзёнаў.
Пасачыць за паядынкам прыйшло шмат моладзі, якія час ад часу казалі, што адчуваюць сябе на ўроку беларускай літаратуры ў школе, дарослыя ж з замілаваннем назіралі за падзеяй.
Дата правядзення батла была абрана не выпадкова — сёння, 3 лістапада, 135 гадоў таму нарадзіўся Якуб Колас, каманда якога і атрымала перамогу. Удзельнікам батла былі ўручаны памятныя падарункі і дыпломы. Напрыканцы вядоўца мерапрыемства заклікаў слухачоў тройчы "пашумець гучна" — Янку Купалу, Якубу Коласу і самім сабе.