ГРОДНА, 5 ліс — Sputnik, Іна Грышук. У Гродне з'явіўся панадворак, дзе можна сфатаграфавацца на фоне разбуранай Фары Вітаўта і гарадской ратушы. Зайшоўшы ў яго, можна апынуцца ў далёкім 1915 і зрабіць фота на фоне старадаўніх вулачак пачатку мінулага стагоддзя.
Незвычайны панадворак з'явіўся па вуліцы Найдуса ў самым цэнтры Гродна каля гандлёвага цэнтра "АВС". Тут тры сцяны невялікай пляцоўкі ўпрыгожылі размалёўкамі, на якіх намаляваны цэнтральныя вуліцы Гродна.
Ідэя належыць аднаму з арандатараў гандлёвага цэнтра. Працу выконваў гродзенскі мастак Аляксей Навумчык.
"Задумка ў тым, каб даць магчымасць дакрануцца да жыцця дарэвалюцыйнага Гродна ў пераломны момант 1915 года", — распавядае Навумчык.
Па словах мастака, асновай сталі тры фатаграфіі 1915 года — дзве чорна-белыя і адна размаляваная. Каб зрабіць сюжэт больш жывым, мастак дапоўніў статычныя здымкі, адлюстраваўшы на іх людзей, машыны, запрэжку коней.
Таксама ён вырашыў зрабіць іх у колеры. Здымак, на якім намаляваная Фара Вітаўта ў выглядзе Сафійскага сабора, быў размаляваны, таму мастак выкарыстаў колеры з арыгінала.
Два іншых здымка мастак спачатку раскаляроўваў з дапамогай камп'ютэрных праграм, і толькі потым пераносіў на сцяну. Якім быў колер даху Фарнага касцёла, Аляксей спрабаваў даведацца ў гістарычных крыніцах, але нічога не знайшоў. Таму вырашыў зрабіць у такой жа каляровай гаме, як цяпер.
Мастак жартуе: "У Фарным касцёле як раз ішоў рамонт. Работы па афарбоўванню дахаў у нас ішлі паралельна".
Над роспісамі сцен мастак працаваў амаль тры месяцы і скончыў тыдзень таму. Як патлумачыў Навумчык, усе зацягнулася, так як працаваць прыходзілася ў вольны ад працы час — па выхадных і па вечарах. Сам хлопец працуе мастаком-рэстаўратарам у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі.
Гараджане і турысты ўжо прыходзяць сюды, каб рабіць незвычайныя сэлфі і фотасесіі. Многія прызнаюцца, што, апынуўшыся ў панадворку, адчуваюць, быццам на самай справе вярнуліся на 100 гадоў таму. Сам жа мастак пакуль не гатовы падзяліцца ўражаннем.
Ён прызнаўся: "Пакуль не адышоў ад працы, маё вока пакуль бачыць, што можна змяніць або палепшыць".