МІНСК, 6 ліс — Sputnik. Мультымедыйныя адукацыйныя анлайн-курсы хочуць стварыць беларускія даследчыкі і актывісты, збор сродкаў на праект аб'яўлены на платформе "Талака".
Беларуская адукацыя ідзе па шляху інфарматызацыі, аднак лекцыі ў фармаце відэа і паўнавартасныя анлайн-курсы сёння ў рэспубліцы — хутчэй выключэнне з правілаў.
Каманда недзяржаўнага адукацыйнага праекта "Лятучы ўніверсітэт", у якім выкладаюць вядомыя беларускія даследчыкі, хоча запусціць уласную платформу з анлайн-курсамі. Для гэтага яны абвясцілі краўдфандынгавую кампанію — усяго на рэалізацыю праекта неабходна 1600 рублёў, гэта значыць крыху больш за 800 долараў ЗША.
У рамках праекта беларусы змогуць анлайн атрымаць дадатковыя веды пра сучасную культуру, фатаграфію, адкрытыя дадзеныя і публічную палітыку.
Падобныя праекты ўжо папулярныя ва ўсім свеце — яны не даюць агульнапрызнаных дыпломаў аб адукацыі, аднак дапамагаюць атрымліваць новыя веды людзям розных узростаў і прафесій. Найбольш вядомая сусветная платформа анлайн-курсаў — Coursera, якая дазваляе слухаць лекцыі і выконваць заданні вучоных вядучых універсітэтаў свету.
Аналагічныя платформы развіваюцца і ў Расіі. Сярод праектаў для аматараў самаразвіцця — праекты "Постнаука" і "Арзамас".