МІНСК, 7 ліс — Sputnik. Арганізатары фестывалю гістарычнай рэканструкцыі "Наш Грунвальд" абвясцілі аб пачатку прыёму заявак ад музыкаў на сезон 2018. У наступным годзе фестываль пройдзе ў 10-ы раз.
Двухдзённы фестываль "Наш Грунвальд" з'яўляецца аднім з найбуйнейшых летніх оpen air Беларусі і штогод праходзіць у фармаце "фестываль у фестывалі" — у межах фестывалю гістарычнай рэканструкцыі праходзіць музычны фестываль "Пір пасля бітвы".
Заяўку на ўдзел можа падаць кожны калектыў, чыя музыка адпавядае фармату мерапрыемства. Пасля завяршэння прыёму заявак арганізатарамі будзе праведзены адбор з ліку заяўленых каманд.
"У першую чаргу адбор будзе праходзіць з ліку каманд, якія граюць folk/folk-rock і вытворныя напрамкі, сумежныя стылі, усе варыяцыі этна-музыкі, альбо калектывы, якія выкарыстоўваюць у сваёй творчасці сярэднявечныя інструменты, матывы і г. д.", — распавялі Sputnik арганізатары фестывалю.
Яны таксама падкрэслілі, што музыка калектываў, якія падаюць заяўку на ўдзел, павінна адпавядаць фестывальнай тэматыцы. "Калі гэта метал-каманда, то яе тэксты павінны быць з гераічнай лірыкай і адказваць агульнаму настрою фестывалю".
На фестывалі ў 2018-м годзе будуць працаваць дзве сцэны — галоўная і акустычная, таму да ўдзелу запрашаюцца каманды як з электрычным, так і з акустычным гучаннем.
Адправіць заяўку на ўдзел у фестывалі можна праз пошту па адрасе berserk.theatre@gmail.com, або пакінуўшы ў сацыяльных сетках не пазней за 1 чэрвеня 2018 года. Заяўка павінна змяшчаць невялікі аповяд аб калектыве, аўдыё або відэа-запіс выступу.
Фестываль "Наш Грунвальд" — міжнародны фестываль сярэднявечнай культуры і музыкі, прысвечаны ваеннай і свецкай культуры.
Цэнтральнае мерапрыемства фестывалю — рэканструкцыя Грунвальдскай бітвы, якая адбылася 15 ліпеня 1410 года паміж войскамі Тэўтонскага Ордэна і саюзнікаў: Вялікага Княства Літоўскага (сучасная Беларусь) і Каралеўства Польскага.
За 9 гадоў правядзення open air на фестывальнай сцэне выступілі такія каманды, як "Северный флот", "Кукрыниксы", Catharsis, "Эпидемия", "Мельница", Gods Tower і іншыя.