МІНСК, 10 ліс — Sputnik. Фінал Кубка федэрацыі на корце "Чыжоўка-Арэны" адкрыюць 11 лістапада ў 14:30 другая ракетка беларускай зборнай па тэнісе Аляксандра Сасновіч і першая ракетка амерыканскай зборнай Како Вандэвеге, стала вядома падчас лёсавання, якое прайшло сёння ў Мінскай гарадской ратушы.
Другім матчам у першы фінальны дзень стане гульня паміж першай ракеткай зборнай Беларусі Арынай Сабаленка і амерыканкай Слоан Стывенс.
У другі фінальны дзень, 12 лістапада, у 13:30 на корце сустрэнуцца першыя нумары абедзвюх каманд Арына Сабаленка і Како Вандэвеге. Пазней згуляюць матч Аляксандра Сасновіч і Слоан Стывенс, а затым пройдзе парная гульня паміж беларускім дуэтам Вера Лапко — Лідзія Марозава і амерыканскімі спартсменкамі Шэлбі Роджерс — Элісан Рыске.
Згодна з рэгламентам спаборніцтваў, перад другім гульнявым днём капітаны каманд Эдуард Дуброў і Кэці Рыналдзі могуць замяніць гульцоў.
Фінал Кубка Федэрацыі пройдзе на кортах "Чыжоўка-Арэны". Беларуская каманда ўпершыню выйшла ў фінал, а амерыканскія тэнісісткі ўжо 17 раз заваёўвалі кубак. У розыгрышы Кубка Федэрацыі тэнісісткі беларускай і амерыканскай зборных да гэтага сустракаліся толькі адзін раз: у 2012 годзе амерыканкі абыгралі беларусак на сваім корце з лікам 5:0.