МІНСК, 10 ліс — Sputnik. Памятны знак першапраходцу ў пошуках беларускай нафты навукоўцу-геолагу Міхаілу Грамыка адкрываюць сёння на яго малой радзіме ў вёсцы Чорнае Рэчыцкага раёна, паведамілі Sputnik у прэс-службе Гомельскага аблвыканкама.
"Знак усталяваны на гранітным валуне вагой у некалькі тон. На металічную шыльду нанесеныя біяграфічныя звесткі, гады жыцця (1885-1969), асноўныя этапы жыцця вядомага земляка, які, акрамя ўдзелу ў геалагічных пошуках, быў вядомы і як этнограф і паэт", — распавялі ў аблвыканкаме.
Увекавечыць памяць земляка прапанавалі мясцовыя краязнаўцы. Іх ініцыятыва была падтрымана раённымі ўладамі, прамысловымі прадпрыемствамі.
Міхаіл Грамыка быў удзельнікам рэвалюцыйных падзей 1905-1907 гадоў. Працаваў настаўнікам у Адэсе. З 1917 году ўдзельнічаў у працы культурна-асветніцкай арганізацыі беларусаў-бежанцаў "Беларускi гай". Затым пераехаў Мінск. Чытаў курс лекцый па геалогіі і мінералогіі ў Беларускім політэхнічным тэхнікуме і Беларускім дзяржаўным універсітэце. Яшчэ ў 1930 годзе ён разам з беларускім географам Мікалаем Арбузкіным пачаў пошукі нафты ў Рэчыцкім павеце.
Навукоўцы не толькі склалі план пошукавых работ, але і распрацавалі спецыяльны апытальнік для насельніцтва, каб знайсці магчымыя тэрыторыі пакладаў. Аднак скончыць працу не атрымалася — геолага арыштавалі і выслалі за межы Беларусі.
Рэабілітаваны ён быў у 1957 годзе. Здагадка Міхаіла Грамыкі аб наяўнасці ў яго родных мясцінах запасаў "чорнага золата" пацвердзілася больш чым праз тры дзесяцігоддзі. У кастрычніку 1964 года на радовішчы "Рэчыцкае", што прыкладна ў 15 км ад яго роднай вёскі, ударыў першы фантан беларускай нафты.