15 лістапада ў "Мінск-Арэне" гурт "ДДТ" выступіць з праграмай "Гісторыя гуку". У панядзелак фронтмэн калектыву Юрый Шаўчук прыбыў у Мінск і распавёў, што новы альбом з'яўляецца "экскурсам у гісторыю найноўшага часу". У праекце сабраны песні розных гадоў, пачынаючы з моманту заснавання гурта.
"Пагутарым, узгадаем, праспяваем разам шмат песень. Будуць гучаць песні 80-х, 90-х, 2000-х", — паабяцаў музыка.
Крыху больш за год таму на фестывалі "Мост" Шаўчук распавёў, што працуе над эксперыментальным праектам, дзеля якога адклаў падрыхтоўку новага матэрыялу, і паабяцаў вярнуцца ў Беларусь.
Першы паўнавартасны канцэрт "ДДТ" у Беларусі адбыўся ў маі 1989 года на мінскім стадыёне "Дынама" — два дні запар быў аншлаг. З 2011 па 2016 год калектыў не выступаў у Беларусі.
Гурт "ДДТ" быў заснаваны ў 1980 годзе. Назва калектыву паходзіць ад хімічнага рэчыва дыхлордыфенілтрыхлорэтан, які раней выкарыстоўваўся пры барацьбе з казуркамі.
Нязменным лідэрам і аўтарам большасці песень "ДДТ" з'яўляецца Юрый Шаўчук.