МІНСК, 15 ліс — Sputnik. Беларускія вытворцы з 15 лістапада абавязаны друкаваць на цыгарэтных пачках так званыя страшныя малюнкі і інфармацыю аб небяспецы тытунепалення ў адпаведнасці з Тэхнічным рэгламентам Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС).
Тэхрэгламент з патрабаваннем размяшчаць на пачках цыгарэт "страшныя карцінкі" ўступіў у сілу яшчэ ў мінулым годзе, аднак вытворцам давалі час для пераходу да новага дызайну ўпаковак.
Жудасць для курцоў
Ужо з 15 лістапада ўсе вытворцы цыгарэт у Беларусі, Расіі, Казахстане, Кыргызстане і Арменіі абавязаны выпускаць прадукцыю ў адпаведнасці з тэхрэгламентам.
Так, на пачцы павінна размяшчацца зацверджаная Еўразійскай эканамічнай камісіяй "страшная карцінка" з папярэджаннем аб наступствах палення. Малюнак павінен займаць не менш за 50% як пярэдняга, так і заднягя боку ўпакоўкі.
Акрамя гэтага, на баку цыгарэтных пачкаў павінна быць пазначана "Змяшчае сістэмныя яды, канцэрагенныя і мутагенныя рэчывы". Удзельны склад смол і нікаціну на пачках паказваць забаранілі.
Вытворцы гатовыя
Як распавялі Sputnik у аддзеле маркетынгу гродзенскай тытунёвай фабрыкі "Нёман", частка прадукцыі выпускалася ва ўпакоўках са "страшнымі малюнкамі" і раней, аднак з 15 лістапада гэта стала абавязковым.
"Калі на прадукцыю заканчваўся сертыфікат, ДАСТ, ён прадаўжаўся — у апошні час ужо па нормах дзеючага тэхнічнага рэгламенту", — распавялі Sputnik на фабрыцы.
Да вытворчасці цыгарэт толькі ў "жудасных упакоўках" на фабрыцы гатовыя: гэта рашэнне было прынята не ўчора, таму "Нёман" паспеў падрыхтавацца.
"Цяпер мы яшчэ можам прадаваць цыгарэты без гэтых малюнкаў, вырабленыя да 15 лістапада. Па меры распродажы старых партый будзем выпускаць і новыя, ужо адпаведныя патрабаванням ЕАЭС", — заключылі на фабрыцы.