МІНСК, 16 ліс — Sputnik. Брэсцкі мастак Ілля Дудараў прыдумаў калекцыю бомжсцікаў па аналогіі з папулярнымі цацкамі, якія пры выкананні пэўных умоў выдавалі ў адной з беларускіх гандлёвых сетак.
Бомжсцікі падобныя на бонсцікаў формай, іх таксама можна збіраць. У калекцыі 12 фігурак. Аднак сама ідэя і форма распаўсюджвання прынцыпова адрозніваецца. Бомжсцікаў можна набыць на краўдфандынгавай платформе Ulej.
Кожная фігурка каштуе пяць рублёў. Частку выручаных грошаў Дудараў плануе выдаткаваць на навагоднія падарункі рэальным бяздомным.
"Частка сабраных сродкаў пойдзе на куплю ваўняных шкарпэтак і рукавіц для бяздомных", — гаворыцца на старонцы, дзе выстаўлены бомжсцікі.
Прычым за кожнай прадстаўленай фігуркай ёсць свая гісторыя. Да прыкладу, бомжсцік нумар 1 "Віталя" ў дзяцінстве падаваў вялікія надзеі — выдатна гуляў у футбол. Але праз траўмы вымушаны быў кінуць спорт і пачаў піць. "Цяпер яго любімым заняткам з'яўляецца каментаванне дваровых матчаў на пацеху мясцовай дзятвы", — гаворыцца ў апісанні "Віталі".
Бомжсцік "Надзя" любіць катоў, за гэта яе празвалі Куклачова, а бомжстик "Косцік" — піць і спяваць, за што бывае збіты.
Дудараў плануе перад Новым годам прайсціся па месцах масавага збору бяздомных, каб уручыць ім падарункі. У далейшым атрыманыя ад продажу бомжсцікаў грошы мастак збіраецца пералічваць на рахункі дабрачынных арганізацый, якія дапамагаюць гэтым людзям.