МІНСК, 16 ліс — Sputnik. Тыдзень сучаснай беларускай драматургіі "Канцэнтрацыя" пройдзе ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі з 27 лістапада па 3 снежня.
Адкрые "Канцэнтрацыю" 27 лістапада тэатразнаўца Наталля Валанцэвіч лекцыяй "Сыракомля & Са. Беларуская драматургія XIX стагоддзя".
Цягам тыдня гледачы ўбачаць шэсць пастановак айчынных драматургаў, у тым ліку новы спектакль "Тры дні ў пекле" па п'есе Паўла Пражко, рэжысёр — Цімафей Ткачоў з Санкт-Пецярбурга.
Гэта гісторыя пра беларуса, якога цікавяць дзве рэчы: што пачым у крамах падчас крызісу і чаму яго забралі ў ЛПП. Жадаючыя змогуць наведаць генеральную рэпетыцыю, якая адбудзецца 28 лістапада ў 11:00. У 14:30 — сустрэча з Т. Ткачовым. Прэм'ера будзе 29 чысла ў 19:00.
Пасля прагляду ўбачанае абмяркуюць гледачы, рэжысёры і крытыкі. У праграму "Канцэнтрацыі" ўвайшлі таксама спектаклі "Кар'ера доктара Раус" пра жыццё першадрукара Францыска Скарыны, "Гэта ўсё яна" пра адносіны бацькоў і дзяцей, "Сіндром Медэі" аб ахвярнай любові, "Ціхі шэпат сыходзячых крокаў" пра выпрабаванні сямейных адносін.
Гісторыю ВІЧ-інфікаванай жанчыны раскажа пастаноўка "Белы анёл з чорнымі крыламі". Яе пакажуць 1 снежня на сцэне РТБД у апошні раз.
Пасля кожнага спектакля гледачам прапануюць паўдзельнічаць у творчых сустрэчах з драматургамі Віктарам Марціновічам, Андрэем Івановым, Дыянай Балыка, Дзмітрыем Багаслаўскім, Юліяй Чарняўскай.