МІНСК, 17 ліс — Sputnik. Праект віртуальнай рэканструкцыі бібліятэкі і архіва Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў рэалізаваны ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, дзе захоўваецца частка гэтай унікальнай спадчыны, паведамілі ва ўстанове.
Ужо больш за 100 экземпляраў унікальных выданняў з архіва Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў аблічбаваныя і даступныя чытачам з поўным тэкстам у электронным варыянце.
Спарадкаваная калекцыя электронных дакументаў, забяспечаных сродкамі навігацыі і пошуку, знаходзіцца ў адкрытым доступе на сайце Прэзідэнцкай бібліятэкі.
Пазнаёміцца з поўнымі тэкстамі выданняў можна, зайшоўшы на сайт на віджэт "Бібліятэка Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў".
Праект будзе цікавы для супрацоўнікаў бібліятэк і музеяў, кнігазнаўцаў і гісторыкаў, філолагаў і лінгвістаў, а таксама ўсіх, каго цікавіць кніжная культура і духоўная спадчына мінулага.