МІНСК, 20 ліс — Sputnik. Інтэрнэт-карыстальнікам пара адмовіцца ад ілюзій і забыцца пра магчымасць майнінга біткоінаў на відэакартах, заявіў у панядзелак у прэс-цэнтры Sputnik гендырэктар групы IT-кампаній BelHard Ігар Мамоненка.
Крыптавалюты сёння — адна з самых цікавых тэм для абмеркавання. Для многіх па-ранейшаму яны асацыююцца толькі з біткоінамі і "майнінгам" на відэакартах. Зрэшты, эксперты ўпэўненыя: гэта ўжо мінулае.
"Я хачу, каб у людзей не было ілюзій. Забудзьцеся пра майнінг з відэакартамі на фермах. Гэта скончылася. Электрычнасць на біткоін больш не памяняюць. Грошы атрымліваюць тыя, хто першым закрывае "блок", у каго больш вылічальнай магутнасці", — заявіў эксперт.
Па словах Мамоненкі, сёння сур'ёзны майнінг адбываецца на буйных пулах. "Радавы ўладальнік відэакарты застанецца за межамі. Прашу, не марнуйце на гэта грошы", — дадаў ён.
Зрэшты, з "маладымі" крыптавалютамі яшчэ ёсць сэнс "майніць" — пакуль да іх не падлучаныя вялікія вылічальныя магутнасці. Пры росце папулярнасці крыптавалют іх пачынаюць здабываць на "фермах", укамплектаваных тэхнікай на мільёны долараў.