МІНСК, 20 ліс — Sputnik. У Старых Васілішках у касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла зноў загучаў арган XVIII стагоддзя, паведамілі Sputnik у прэс-службе Гродзенскага аблвыканкама.
"На аргане да канца пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя граў бацька Чэслава Немэна Антоній Выджыцкі і будучы музыка, у сутнасці, вырас у гэтым гукавым асяроддзі", — адзначылі ў прэс-службе аблвыканкама.
Новае жыцце музычнага інструмента пачалося з дабрачыннага канцэрта. Перад жыхарамі Старых Васілішак і шматлікімі гасцямі выступілі квартэт "Акварэль", арганіст касцёла Святога Роха ў Мінску кампазітар Віктар Кісцень і салістка мінскага Вялікага тэатра Ірына Кучынская.
"Арган трапіў у поле нашага зроку пасля адкрыцця клуба-музея Чэслава Немэна. Он звязаны з самім Чэславам Немэнам, а значыць, з'явілася яшчэ адна разыначка ў паўнавартасным турыстычным маршруце па гэтых месцах", — распавяла старшыня нацыянальнага камітэта Міжнароднай рады музеяў, мастацтвазнаўца Таццяна Бембель.
Арган у XVIII стагоддзі стварылі ў гамбургскай майстэрні Янцтонаў. Адраджалі музычны інструмент эпохі барока маскоўскія рэстаўратары Дзмітрый Лотаў і Уладзіслаў Іодзіс.
"Узяўшыся за праект, мы разумелі, што гэта вельмі працяглы працэс, і асцерагаліся, што інструмент можа не загучаць. Трубы аргана былі моцна закручаны, інструмент выглядаў нібы збітым. Танней і прасцей было ўсё зламаць, пакінуўшы толькі фасад, за якім будзе стаяць электраарган. Але ўсё ж вырашылі ісці па складаным шляху — рэстаўраваць", — распавёў лютэранскі пастар Дзмітрый Лотаў.
У чэрвені 2017 года арган выдаў першыя пасля рэстаўрацыі гукі, цяпер у ім дзейнічаюць тры рэгістры, што дастаткова для выканання складаных твораў. Рэстаўратарам удалося захаваць нават барочную спецыфіку яго гучання. Аднаўленчыя работы будуць працягвацца. У ідэале музычнаму інструменту патрэбен матор.