МІНСК, 21 ліс — Sputnik. Супрацоўнікі Гродзенскай мытні знайшлі ў пасажырскім цягніку двух белагорлых варанаў, якія перамяшчаліся кантрабандай, жывёлы перададзены ў заапарк абласнога цэнтра, паведамілі Sputnik у аўторак у Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі.
Вараны ехалі ў кантэйнеры ў кацельні вагона ў цягніку Калінінград — Масква і знаходзіліся ў стане анабіёзу.
"Выратаванне рэптылій стала магчымым дзякуючы аператыўнаму ўмяшанню мытнай і памежнай службаў", — сказалі ў ДМК.
Там таксама паведамілі, што эксперты высветлілі: выяўленыя жывёлы — гэта белагорлыя вараны, якія жывуць у Афрыцы. Рэптылій перадалі ў заапарк у Гродна. Па факце незаконнага перамяшчэння варанаў праз мяжу мытняй быў распачаты адміністрацыйны працэс.