МІНСК, 22 ліс — Sputnik. Вядомы оперны спявак, народны артыст Расіі Дзмітрый Хварастоўскі памёр у Лондане. Яму было 55 гадоў.
Адным з першых гэтую навіну паведаміў калега Хварастоўскага па вакальнаму цэху спявак Дзмітрый Малікаў, аднак пазней ён выдаліў гэтую інфармацыю са свайго акаўнта ў Тwitter.
"У мяне інфармацыя ад маёй паэткі Ліліі Вінаградавай, якая з ім была вельмі блізкая і якая была там з ім. Яна мне напісала, што ён памёр у 03:36 раніцы па лонданскiм часе", — цытуе Малікава агенцтва РIА "Новости".
Пазней агент музыкі ў Расіі пацвердзіла СМІ гэтую інфармацыю.
Апошнія некалькі гадоў Дзмітрый Хварастоўскі пакутаваў ад анкалагічнага захворвання, у яго была дыягнаставана пухліна мозгу.
Пра яго хваробу стала вядома ў сярэдзіне 2015 года, калі праз хваробу ён вымушаны быў адмяніць канцэрты. Праз некалькі месяцаў было абвешчана аб тым, што вядомы барытон вяртаецца на сцэну — плануе выступіць у нью-ёркскай Метрапалітэн-опера.
Калі здароўе дазваляла, ён працягваў працаваць, аднак у лютым гэтага года ён зноў вымушаны быў адмяніць канцэрты ў Вене, Калінінградзе і Мінску ў сувязі з неабходнасцю прайсці курс лячэння.
У кастрычніку інтэрнэт-рэсурсы паспяшаліся паведаміць, што знакамітага опернага спевака не стала, аднак тады жонка Хварастоўскага абвергла гэтую інфармацыю.
"Мой муж у парадку і шчасліва спіць побач са мной!!! Чорт бы пабраў людзей, якія пішуць такія рэчы!!!" — напісала тады Флоранс Хварастоўскі.
У гэты раз сям'я пацвердзіла інфармацыю аб смерці.
"Ад імя сям'і Хварастоўскіх мы з цяжкімі сэрцамі аб'яўляем аб сыходзе Дзмітрыя Хварастоўскага — любімага опернага барытона, мужа, бацькі, сына і сябра — ва ўзросце 55 гадоў. Пасля двух з паловай гадоў бітвы з ракам мозгу, ён мірна памёр раніцай, 22 лістапада, у асяроддзі сям'і, у сваім доме ў Лондане. Хай цеплыня яго голасу і яго дух заўсёды будуць з намі", — паведамляецца на афіцыйнай старонцы музыкі.