МІНСК, 22 ліс — Sputnik. Фотавыстава пад адкрытым небам "Разам да здароўя!" адкрыецца на плошчы каля Мінскага трактарнага заводу (ст. м. "Трактарны завод") 29 лістапада. Ініцыятарам мерапрыемства выступае Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Героі фотапраекта — простыя жыхары невялікіх гарадоў і вёсак Беларусі.
Наведвальнікі фотавыставы "Разам да здароўя!" пазнаёмяцца з гісторыямі жыхароў Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей, якім змяненне ладу жыцця ў бок здаровага дапамагло не толькі ўмацаваць здароўе і справіцца з захворваннямі, але і развіць свой асабісты патэнцыял, а таксама натхніла падтрымліваць іншых.
Акрамя таго, на выставе прадстаўлены ініцыятыўныя валанцёрскія групы па ЗЛЖ Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК), якія аб'ядноўваюць вакол сябе жыхароў гарадоў, вёсак і разам мяняюць жыццё ў мясцовых супольнасцях да лепшага.
"З дапамогай фотавыставы "Разам да здароўя" мы распавядаем рэальныя гісторыі звычайных людзей. Нашы героі — не медыйныя персоны, а жыхары невялікіх гарадоў і мястэчак Беларусі. Але кожны з іх аднойчы знайшоў у сабе сілы пайсці па шляху пераменаў і абраў здаровы лад жыцця: адмовіцца ад палення, злоўжывання алкаголем, змяніў звычкі ў харчаванні, стаў актыўна праводзіць вольны час. Наша выстава пра тое, як змены ў вобразе жыцця дапамаглі людзям ўмацаваць здароўе, і пра тых, хто іх падтрымлівае на гэтым шляху", — адзначае Таццяна Святловіч, менеджэр праекта БТЧК "Уцягванне супольнасцяў у прасоўванне здаровага ладу жыцця.
З 29 лістапада па 17 снежня фотавыстава будзе па чарзе размешчана на пляцоўках перад буйнымі прадпрыемствамі Мінска. Адкрыццё выставы адбудзецца 29 лістапада на пляцоўцы каля Мінскага трактарнага завода. У адкрыцці прымуць удзел героі фотавыставы — удзельнікі ініцыятыўных груп БТЧК. Яны правядуць для ўсіх жадаючых майстар-класы па скандынаўскай хадзе, арганізуюць актыўныя народныя гульні. Наведвальнікаў выставы таксама чакаюць конкурсы і падарункі.
Затым з 3 снежня выстава пераедзе да Мінскага аўтамабільнага заводу, дзе будзе знаходзіцца да 9 снежня. Выніковай кропкай размяшчэння стане пляцоўка перад Мінскім заводам колавых цягачоў. Тут экспазіцыя будзе прадстаўлена з 10 па 17 снежня. У далейшым выстава адправіцца ў падарожжа па рэгіёнах.
"Выбар такіх пляцовак не выпадковы. Мы вырашылі адысці ад стандартнага фармату — праводзіць мерапрыемствы ў цэнтры горада — і задзейнічалі скверы і пляцоўкі каля буйных заводаў Мінска ў розных сталічных раёнах. Хочам прыцягнуць увагу больш шырокай аўдыторыі і спадзяемся, што жыццёвыя гісторыі жыхароў нашай краіны натхняць многіх людзей выбіраць больш здаровую і доўгае жыццё, — пракаментавала Святловіч.