МІНСК, 24 ліс — Sputnik. Харчаванне ў дзіцячых садках, школах, сярэдніх спецыяльных установах з 1 снежня стане даражэй. Нормы расходаў на харчаванне павялічацца на 10%, паведамляе прэс-служба Міністэрства адукацыі.
Выніковая сума, у якую абыйдзецца харчаванне дзіцяці ў дашкольнай або школьнай установе, залежыць ад многіх фактараў — узросту вучня, рэжыму працы школьнай установы, тэрмінаў знаходжання дзіцяці ў ёй. Так, у малодшых класах школьныя сняданкі бясплатныя, а для сярэдняй і старэйшай школы саннормамі прадугледжана аднаразовае гарачае харчаванне, якім павінны быць ахоплены ўсе навучэнцы. І хоць гэтая мера не з'яўляецца абавязковай, адмовіцца ад яе праблематычна.
Гэта другое павышэнне кошту дзіцячага харчавання ў садках, школах і сярэдніх спецыяльных установах за бягучы год. Апошні раз яно даражэла ў сакавіку — тады кошты выраслі на 5%.